Жаўтаногі кулік на міграцыі ляцеў больш сутак з сярэдняй хуткасцю 100 км у гадзіну!

Восеньская міграцыя птушак у самым разгары і ў апошнія тыдні найбольш актыўна перамяшчаюцца з месцаў гнездавання ў Арктыцы на месцы зімоўкі на поўдзень розныя віды кулікоў.  Гэтая група птушак добра вядомая сваімі лётнымі здольнасцямі і рэкордамі, пра якія атрымалася даведацца найперш дзякуючы сучасным тэхналогіям ў выглядзе разнастайных спадарожнікавых перадатчыкаў і геалакатараў.

Найбольш вядомыя з падобных рэкодаў кулікоў гэта безпасадачны пералёт малога грыцука (Limosa lapponica) на больш, чым 12 тысяч км і арктычны пясочнік (Calidris melanotos), які на працягу сезона размнажэння налятаў 13 тысяч км у пошуках партнёрак у месцах гнездавання, а таксама дубальт (Gallinago media), які пад час міграцыі нейкі час ляцеў на вышыні 8700 метраў над узроўнем мора.

І вось сучасныя тэхналогіі дапамаглі выявіць новы рэкорд пад час міграцыі жоўтаногага куліка (Tringa flavipes) з радыёметкай сістэмы сачэння Motus над Паўночнай Амерыкай у рамах сумеснага праекта арганізацый Audubon Americas і SELVA (Калумбія).

Кулік, які атрымаў метку на месцы гнездавання, пачаў свой палёт з Манітобы (Канада) позна ўвечары 19.07. 2022., без прыпынкаў праляцеў над тэрыторыяй ЗША на паўднёвы усход і даляцеў да Паўночнай Караліны раніцай 21.07.2022. Такім чынам, гэты палёт працягваўся 27 гадзін і за гэты час птушка праляцела адлегласць у 2.678 км, што дае сярэднюю хуткасць амаль у 100 км у гадзіну на працягу ўсяго падарожжа!

мапа

Эпічнае падарожжа жаўтаногага куліка з Манітобы ў Паўночную Караліну (SELVA).

І хаця застаецца невядомым ці ўвогуле і які час птушцы дапамагаў спадарожны вецер, прадстаўнік арганізацыі SELVA сказаў, што палёт куліка “больш падобны на ракету, чым на перамяшчэнне птушкі”. Цікава, што гэта ўжо не першае падобнае дасягненне жаўтаногіх кулікоў, за міграцыяй якіх калумбійскія і канадзкія даследчыкі сочаць з дапамогай метак сістэмы Мотус. Так, вясной гэтага году іншы асобнік праляцеў без пасадкі з месца зімоўкі ў цэнтральнай Калумбіі над Коста-Рыкай у штат Тэнэсі (ЗША) 4800 км!

Сёння існуюць некалькі асноўных сістэм, якія дазваляюць сачыць за перамяшчэннямі птушак і іншых жывёл. Самыя вядомыя і масавыя гэта кальцаванне, радыё і спадарожнівавая тэлеметрыя, камбініраваная сістэма GSM-GPS перадатчыкаў (якія успрымаюць каардынаты і іншыя параметры ад спадарожнікаў, але сігналы перадаюць як СМС-паведамленні дзякуючы сеткам мабільных аператараў), а таксама геалакатары.

Радыётэлеметрыя, якую прымяняе Мотус – адзін з самых старых метадаў, які выкарыстоўваецца для сачэння за перамяшчэннямі жывёл. Сістэма Мотус унікальна таму, што радыёсігнал не дасылаецца меткай ці перадатчыкам пастаянна, а толькі калі жывёла знаходзіцца ў радыюсе дзейнасці хаця б адной прыёмнай станцыі, якая, у сваю чаргу, перасылае атрыманы сігнал на цэнтральны сервер. Дзякуючы гэтаму, меткі Мотуса значна меншыя, лягчэйшыя і не патрабуюць моцных батарэй. Усё гэта цягне за сабой і параўнальна невялікія кошты перадатчыка і магчымасць іх выкарыстання на параўнальна дробных жывёлах. На сёння памер і кошт адной меткі параўнальны з самымі невялікімі геалакатарамі, аднак у адрозненне ад апошніх, даследчыкі атрымліваюць вельмі дакладныя каардынаты месцазнаходжання пазначанай жывёлы і для гэтага няма неабходнасці злавіць яе, каб сцягнуць з прылады запісаныя ёй дадзеныя.

Дзякуючы размешчанаму ў Канадзе серверу, на які дасылаюць дадзеныя больш за 300 аўтаматычных станцый, якія размешчаны на тэрыторыі абодвух амерыкаскіх кантынентаў, Motus з’яўляецца самай вялікай сістэмай, якая атрымлівае і апрацоўвае, а потым рассылае даследчыкам атрыманыя станцыямі сігналы. А гэта дата, час атрымання сігнала, каардынаты, вышыня, нумар меткі ці перадатчыка і, адпаведна, від-і дадзеныя пра асобіну, якая сігнал даслала.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.ecoregistros.org

 

 

На гэтую тэму:

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!

ДУБАЛЬТЫ ПАД ЧАС МІГРАЦЫІ МОГУЦЬ ЛЯЦЕЦЬ НА ВЫШЫНІ АД 6 ДА АМАЛЬ 9 КМ!

Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?

Эпічныя міграцыі над акіянам пацверджаныя для яшчэ аднаго віду вераб’іных птушак

Новыя рэкорды: пячураўкі-будаўнічкі з Далёкага Усходу ляцяць на зімоўку ў Афрыку 13 тысяч км!

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

Марафонцы сярод птушак - сем самых неверагодных прыкладаў