Блакітныя ара ўпершыню за 37 гадоў ізноў размнажаюцца ў прыродзе

Пара блакітных ара, або ара Спікса (Cyanopsitta spixii) упершыню пасля рэінтрадукцыі віда ў прыроду і ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі паспяхова гадуе 2 уласных птушанят. Гэта першы падобны выпадак, вядомы навукоўцам з 1986 году.

Гэтая радасная падзея адбылася ўсяго толькі трошкі больш, чым праз год пасля таго, як першыя 8 прадстаўнікоў гэтага эндэмічнага для Бразілііі віда ў чэрвені мінулага году былі выпушчаны ў прыроду. Гэта адбылося пасля працяглых спробаў стварыць адпаведную па колькасці і генетычнай разнастайнасці групу блакітных ара ў пітомніках для наступнай рэінтрадукцыі падрослых там птушанят ў рамах Spix's Macaw Release Project. Галоўная мэта праекту - стварыць з дапамогай птушак, якія размнажаюцца ў няволі, дзікую папуляцыю віда, якая зможа самастойна падтрымліваць сваю колькасць.

Апошні блакітны ара знік у прыродзе ў 2000 годзе - хутчэй за ўсё загінуў пасля сутыкнення з ЛЭП. Пасля гэтага быў створаны кансорцыюм з удзелам бразільскага ўрада, прыватных гадоўцаў папугаяў і заапаркаў з мэтай вярнуць від у прыроду.

Нямецкая прыродаахоўная арганізацыя The Association for the Conservation of Threatened Parrots (ACTP) разам з партнёрамі па кансорцыюму выпусціла першых ара ў іх былым месцы пражывання на паўночным усходзе Бразіліі, якое адносіцца да своеасаблівага біёму caatinga і знешне найбольш нагадвае афрыканскую саванну.

Dr Cromwell Purchase, дырэктар ACTP Brazil і кіраўнік Spix's Macaw Release Centre, сказаў: "Пара папугаяў, якія цяпер гадуюць птушанят - гэта самец, якога мы выпусцілі ў прыроду ў чэрвені, і самка, якая была выпушчана ў снежні 2022 году. Птушкі выбралі для гнездавання павешанае намі штучнае дупло на высокім дрэве Caraibeira. Першая кладка аказалася незаплодненай самцом, але з другой паспяхова вылупіліся двое птушанят.”

Блакітныя ара даўно сталі жаданай птушкай калекцыянераў папугаяў па ўсяму Свету і іх нелегальны адлоў разам з маштабным знішчэннем месцапражыванняў прывёў да такога хуткага знікнення ў прыродзе, што ў пачатку 1990-х там застаўся толькі адзіны папугай.

Пасля таго, як від быў абвешчаны ‘зніклым у прыродзе’ (extinct in the wild), аказалася, што ў няволі засталося не так шмат блакітных ара. Аднак у рэшце рэшт атрымалася падабраць птушак для размнажэння і наступнага выпуску ў прыроду іх дарослых патомкаў. Да канца гэтага году прадстаўнікі Spix's Macaw Release Centre збіраюцца выпусціць у прыроду наступных 12 папугаяў.

Першы вывадак блакітнага ара ў прыродзе, за якім цяпер назіраюць навукоўцы і прадстаўнікі прыродаахоўнага кансорцыюма, дае надзею на аднаўленне не толькі гэтага віда птушак, але і іншых зніклых у прыродзе або блізкіх да гэтага - зразумела, пры адпаведным заангажаванні.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.revistapesquisa.fapesp.br 

 

 

На гэтую тэму:

Блакітны ара ўпершыню ў нашым стагоддзі адзначаны ў прыродзе!

Неадназначная рэінтрадукцыя зялёнакрылага ара ў Аргенціне

Гуамскі пастушок вернуты ў прыроду пасля 35 гадоў знікнення + іншыя добрыя навіны гэтага году

Рэінтрадукаваныя ў прыроду гавайскія вароны збудавалі першае гняздо!

Паспяхова вылупілася птушанё гуамскага зімародка - віда, які знік у прыродзе

У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе