У пачатку мінулага тыдня ў інкубатары Сміфсанаўскага інстытута аховы прыроды (SCBI) ў штаце Вірджынія (ЗША) паспяхова вылупіўся гуамскі зімародак (Todiramphus cinnamominus). Усяго засталося толькі 140 птушак гэтага віду, прычым усе яны ўтрымліваюцца ў няволі ў розных заапарках, большасць якіх знаходзіцца ў ЗША.
Размнажаць гуамскіх зімародкаў надзвычай цяжка. Гэта тэрытарыяльныя птушкі, якім трэба падбіраць партнёраў. Бацькі птушаня, якое цяпер вылупілася ў інкубатары, паспяхова адклалі яйка, аднак далей асабліва не цікавіліся ім. Калі навукоўцы заўважылі, што інкубацыя не адбываецца як трэба, яйка было змешчана ў інкубатар, дзе праз 22 дн і адбылося паспяховае вылупленне.
Каб зменшыць да мінімуму магчымы імпрынтынг малога змародка на людзей, у інкубатары змешчаны люстэркі і рэгулярна прайграваюцца запісы адпаведнай вакалізацыі віда пад час яго кармлення і ў іншы час.
Усе гуамксія зімародкі, якія існуюць сёння, паходзяць ад 29 асобін, якія былі адлоўлены ў прыродзе ў 1980-я і змешчаныя ў розныя пітомнікі. Гэта было зроблена, каб захаваць від ад поўнага знікнення і заснаваць праграму іх размнажэння і наступнай рэінтрадукцыі на Гуам. Для Сміфсанаўскага пітомніка, дзе першы зімародак вылупіўся ў 1985 годзе, гэта ўжо (ці яшчэ толькі?) 20-е птушанё.
У апошнія гады пачалося абмеркаванне будучыні зімародкаў з пітомнікаў і рэальная магчымасць іх вяртання ў прыроду Гуама, бо ёсць некалькі паспяховых прыкладаў рэінтрадукцыі розных знікаючых ці нават цалкам зніклых у прыродзе відаў і не толькі на астравах. Аднак на сённяшні дзень Праграма па ратаванні віду, у якой удзельнічаюць 26 розных арганізацый толькі з ЗША, заклікае працягнуць павелічэнне колькасці віда ў няволі і назіраць за пазітыўнымі зменамі з вяртаннем абарыгеннай для вострава расліннасці на Гуаме.
Паводле www.si.edu (тэкст і ніжні здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак з www.sandiegozooglobal.org
На гэтую тэму:
Арахнаапакаліпсіс: без птушак павукі на Гуаме правяць баль
Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды
У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе
Неадназначная рэінтрадукцыя зялёнакрылага ара ў Аргенціне
Вяртанне грывастага ібіса ў Еўропу праз 400 гадоў адсутнасці - контраверсійны праект працягваецца
Ківі вярнуцца ў сталіцу Новай Зеландыі ўпершыню за апошнія сто гадоў
Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ