Балабаны ізноў загнездавалі ў Балгарыі

сокал-балабан

Дзякуючы паспяховай праграме па рэінтрадукцыі, сокалы-балабаны (Falco cherrug) упершыню за апошнія 10 гадоў ізноў гняздуюць у Балгарыі. Сёлета пара птушак, абедзьве птушкі з якой былі выпушчаныя ў прыроду дзякуючы вялікаму праекту па вяртанні віду, паспяхова выгадавала двух птушанят.

На прыканцы ХІХ стагоддзя балабаны былі параўнальна звычайным відам у Балгарыі, аднак на працягу прыкладна дваццацігоддзя актыўнага пераследавання драпежных птушак у 1950-70 гг, якому "дапамаглі" інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і рэзкае змяншэнне колькасці стэпавых відаў грызуноў - асноўнай катэгорыі здабычы сакалоў, а таксама з-за негатыўных зменаў у месцах гнездавання, від стаў вельмі рэдкім. У 1980-я сокалы працягвалі змяншаць сваю колькасць з-за калекцыянераў яек і нелегальнай здабычы птушанят на продаж. І ўжо на пачатку нашага стагоддзя было вядома толькі пра гнездаванне ў краіне ад 1 да 2 пар, якія ў рэшце рэшт канчаткова зніклі да 2008 году.

 Пасля гэтага некалькі балгарскіх прыродаахоўных арганізацый - Green Balkans і Інстытут даследаванняў біяразнастайнасці, з дапамогай фондаў сакальнікоў з Блізкага Усходу распачалі падрыхтоўку да маштабнага праекту па рэінтрадукцыі віду ў краіне. У 2015 некалькі птушак, атрыманых развядзеннем у няволі, пасля перыяду адаптацыі да прыродных умоваў, былі выпушчаныя. Кожны з гэтых сакалоў атрымаў, акрамя стандартнага металічнага, таксама каляровае з кароткім асабістым нумарам. І дзякуючы гэтаму атрымалася даказаць, што абедзьве птушкі гняздуючай сёлета пары паходзяць менавіта з рэінтрадукцыі.

Аднак сама па сабе рэінтрадукцыя наўрацці зможа стварыць папуляцыю, якая будзе самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Таму Балгарскае таварыства аховы птушак BSPB паралельна з развядзеннем і выпускам сакалоў у прыроду працуе над змяншэннем патэнцыйных праблем: забяспечваюцца бяспечнымі для птушак ізалятарамі тысячы слупоў ЛЭП, у прывабных для гнездавання месцах размяшчаюцца сотні гнездавых скрыняў (сокалы самі гнёздаў не будуюць), а таксама распрацавала спецыяльную схему падтрымкі захавання пашаў і лугоў для захавання высокай шчыльнасці грызуноў - асноўнай здабычы сакалоў і іншых відаў драпежных птушак.

Паводле www.birdlife.org (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 


На гэтую тэму:

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

Эвалюцыя вялікіх сакалоў адбывалася хутка

Сокал-балaбан зноў у Беларусі!

Рэінтрадукцыя сокала-падарожніка ў Польшчы – чарговы паспяховы сезон + VIDEO

Сокал-падарожнік зноў загняздуе ў Беларусі

Рэінтрaдyкаваныя птушкі прыносяць мільёны фунтаў прыбылі