Гавайскія вароны гатовы вярнуцца ў прыроду

Зніклых ў прыродзе ў 2002 годзе гавайскіх варон (Corvus hawaiiensis), якія паспяхова выкарыстоўваюць прылады, пачнуць вяртаць на самы вялікі гавайскі востраў ужо ў лістападзе.

Гавайская варона, вядомая таксама па мясцовай назве як ʻAlalā, якая была на Гаваях звычайнай яшчэ сто год таму, пастаянна змяншала сваю колькасць з-за інвазійных інтрадукаваных драпежнікаў, хваробаў і пераследавання фермерамі, якія забівалі птушак (якія харчуюцца садавінай) з-за боязні страціць частку ўраджаю. Апошнія дзве вароны ў прыродзе загінулі ў 2002 годзе. Добра, што некалькіх птушак трымалі ў розных месцах у няволі.

Цяпер навукоўцы вырашылі, што існуе добры патэнцыял для рэінтрадукцыі варон у родную прыроду. Ужо ў лістападзе 6 выгадаваных у няволі птушак будуць выпушчаныя ў ачышчаны ад інтрадуцэнтаў прыродны рэзерват Puʻu Makaʻala Natural Area Reserve. Гэта можа стаць кульмінацыйным пунктам некалькіх гадоў працы па выратаванню віду.

Каб падрыхтавацца да выпуску птушак, Джэкі Гаудіоза-Левіта (Jackie Gaudioso-Levita), каардынатар праекту па рэінтрадукцыі `Alalā Restoration Project (які адбываецца ў супрацоўніцтве з урадам Гаваяў, U.S. Fish and Wildlife Service і San Diego Zoo Global) са сваімі калегамі некалькі разоў дасканала даследавала Вялікі востраў (Big Island), сустракалася з мясцовымі землеуладальнікамі і фермерамі, якія могуць неўзабаве ўбачыць птушак на сваёй зямлі. Праводзіліся шматлікія прэзентацыі ў школах і для мясцовай грамадзкасці, каб стварыць падтрымку праекту не толькі сярод дарослых, але і маладых гавайцаў.

Вароны, якія дагэтуль маюць вялікае значэнне для традыцыйнай культуры Гаваяў, будуць пастаянна знаходзіцца пад назіраннем. Для гэтага кожная з выпушчаных у прыроду птушак будзе забяспечана GPS-перадатчыкам. Гэта дазволіць навукоўцам не толькі бачыць перамяшчэнні птушак і выбар розных біятопаў і месцаў для рознай дзейнасці, але таксама і паназіраць за паводзінамі ў прыродзе. Усе сабраныя такім чынам дадзеныя будуць выкарыстаныя для разумення прэферэнцый птушак і магчымых пагроз, каб зрабіць наступныя выпускі ў прыроду больш паспяховымі. Бо ўжо ў пачатку наступнага году запланавана рэінтрадукцыя яшчэ шасці варон. І яшчэ больш – у будучыні.

Пакуль што галоўнай невядомай, якая хвалюе ўсіх удзельнікаў праекту, застаецца праблема самастойнага выжывання птушак у прыродзе. Папярэднія спробы рэінтрадукцыі выгадаваных у няволі варон у 1990-я скончыліся няўдачай: птушкі загінулі ад розных хвароб ці былі злапаныя мясцовымі драпежнікамі – такімі, як гавайскі канюх.

Аднак калі вароны-эндэмікі прыжывуцца ў рэзерваце і пачнуць размнажацца, гэта будзе вялікім поспехам не толькі для гавайскай прыроды.

 

Паводле www.audubon.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.commons.wikimedia.org

 

На гэтую тэму:

ГАВАЙСКІЯ ВАРОНЫ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ ПТУШАК + VIDEO

Як запрацаваць на рэінтрадукцыі птушак – прыклад Шатландыі

Лайсанская качка вярнулася амаль з таго свету + VIDEO

У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе

ПЕРШЫ ПОСПЕХ У РЭІТРАДУКЦЫІ ДРОПАЎ Ў ВЯЛІКАБРЫТАНІІ

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека