Лайсанская качка вярнулася амаль з таго свету + VIDEO

 

Лайсанская качка (Anas laysanensis) у пачатку мінулага стагоддзя налічвала менш 20 асобін, аднак дзякуючы поспеху ахоўных мерапрыемстваў цяпер знаходзіцца на стадыі вяртання да памеру папуляцыі дакрызіснага ўзроўню. 

Яшчэ ў гістарычны час від жыў на многіх Гавайскіх астравах, аднак знік адтуль пасля таго, як прыкладна 800 год таму разам з прыбыццём людзей на архіпелагу размножыліся завезеныя імі пацукі. Качкі засталіся жыць толькі на востраве Лайсан (Laysan) у паўночна-заходняй частцы архіпелагу. У 1911 годзе ўся гняздуючая папуляцыя ацэньвалася ў менш, чым 20 птушак. У 2004 годзе атрымалася паспяхова рэінтрадукаваць качак у Midway Atoll National Wildlife Refuge.

Пасля вынішчэння трусоў і пацукоў, якое праводзілася адначасова з аднаўленнем абарыгеннай расліннасці, у 2010 годзе агульная папуляцыя на астравах Лайсан і Мідуэй налічвала ўжо 1 тысячу птушак! Аднак моцнае цунамі ў 2011 годзе знішчыла прыкладна 40% качак. Цяпер птушкі працягваюць гінуць з-за хваробаў, штармоў і падняцця ўзроўню акіяну. У мінулы верасень 28 маладых качак былі пераселены з атола Мідуэй на аддалены ад іншых астравоў Kure Atoll State Wildlife Sanctuary. 

 

Laysan ducks at Kure & Midway Atolls-Media Clips from Hawaii DLNR on Vimeo.

“Лайсанскія качкі не пералятаюць самі з аднаго атола на іншы, таму кожная рэінтрадукцыя на дадатковы востраў дапамагае ўзнавіць тэрыторыю іх былога распаўсюджання і біяразнастайнасць Гавайскіх астравоў” – сказала д-р Мішэль Рэйнальдс (Dr Michelle Reynolds) з US Geological Survey.

Каб падрыхтаваць атол Kure для жыцця качак, урад штату Гавайі замяніў чужародныя расліны абарыгеннымі відамі, былі вынішчаныя пацукі і інтрадукаваныя на востраве мурашы. Дзяржаўнае агенцтва па дзікай прыродзе і лясах стварыла там водна-балотныя ўгоддзі і аднавіла іншыя прыродныя тэрыторыі. Сёлета ў траўні прадстаўнікі агенцтва адзначылі на атоле 19 качанят. 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Здымак з www.ejphoto.com

 

На гэтую тэму:

ПРАБЛЕМЫ САМАЙ РЭДКАЙ КАЧКІ НА ЗЯМЛІ ПРАЦЯГВАЮЦЦА

Прыярытэты ў ахове птушак расстаўлены няправільна

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Крызіс знікненняў паглыбляецца

НА ЗЯМЛІ АФІЦЫЙНА ЗНІКЛІ ЯШЧЭ 13 ВІДАЎ ПТУШАК