Другі прадстаўнік сямейства крумкачовых паказаў, што можа лоўка ашчупваць з дапамогай дубчыкаў інакш недаступныя для яго месцы ў пошуках ежы. Такім чынам, гавайская варона (Corvus hawaiiensis) далучылася да знакамітага новакаледонскага крумкача, які можа выкарыстоўваць паслядоўна нават да трох розных прыладаў каб дабрацца да схаванай ежы.
Каманда навукоўцаў піша ва ўчорашнім нумары часопіса Nature, што ў вялікіх авіярыях розныя прадстаўнікі віду часта падымалі і выкарыстоўвалі невялікя дубчыкі каб знайсці і дастаць кавалачкі мяса, якія людзі адмыслова засоўвалі ў цяжкадаступныя для птушак месцы – дзіркі ў бярвёнах.
“Аднак лоўкае выкарыстанне прыладаў не ёсць выпадковым здарэннем, калі птушка падбірае дубчык і калупае ім ў дзірцы. Такія выпадкі зарэгістраваныя для некаторых відаў птушак, і, асабліва, для варон. Але паводле нашых назіранняў найбольш здольныя дарослыя птушкі карыстаюцца прыладамі рэгулярна” – сказаў Крысціян Рутц (Christian Rutz) з University of St. Andrews (Шатландыя), сааўтар публікацыі ў Nature. З-за таго, што гавайскія вароны зніклі ў прыродзе, навуклўцы мелі магчымасць назіраць і паэксперыментаваць фактычна з ўсімі дарослымі асобінамі віду. Аднак маладыя птушкі самастойна развівалі ў сябе тую ж здольнасць!
Акрамя гэтага, часам вароны не знаходзілі адпаведных дубчыкаў сярод прапанваных ім даследчыкамі і ляталі ў хмызняк каб падабраць там галінкі адпаведнай даўжыні і формы.
Крысціян Рутц перад гэтым працаваў з новакаледонскімі крумкачамі, якія ў прыродзе пастаянна падбіраюць, прыдаюць патрэбную форму і выкарыстоўваюць прылады для здабыцця ежы і нават каб з бяспечнай адлегласці даследаваць патэнцыйна небяспечныя аб’екты! Гэтыя птушкі- як і гавайскія вароны – жывуць на аддаленых ад іншых трапічных астравах. Навукоўцы лічаць, што падобнае жыццё можа дапамагаць у эвалюцыі засваення прыладаў птушкамі. Яшчэ адзін прыклад выкарыстання доўгіх раслінных шыпоў у прыродзе для здабыцця ежы – знакаміты дзятлавы ўюрок з Галапагосаў. На такіх астравах няма канкурэнтаў з сапраўдных дзятлаў, якія могуць раскрываць хады насякомых у драўніне з дапамогай моцнай дзюбы і даставаць іх з хадоў з дапамогай доўгага языка. Акрамя гэтага, нешматлікія астраўныя драпежнікі звычайна не перашкаджаюць птушкам з прыладамі часам падоўгу заставацца з галавой, пагружанай у дзірку ці норку.
Паводле www.sciencenews.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ ЗНОЎ ЗДЗІВІЛІ НАВУКОЎЦАЎ
РАЗУМНЫЯ ГРАКІ ПАЦВЕРДЖВАЮЦЬ СТАРАЖЫТНУЮ БАЙКУ
НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ МОГУЦЬ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ТРЫ ПРЫЛАДЫ ЗА АДЗІН РАЗ!
Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.
Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека
Вароны вучацца пазбягаць пагроз дзякуючы мёртвым суродзічам
Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ