Другая рэгістрацыя дзеркача ў Паўднёвай Амерыцы

дзяркач

На прыканцы мінулага году, 7 снежня 2024-га, адбылося другое для Паўднёвай Амерыкі назіранне дзеркача (Crex crex). Птушку назіралі двое бразільскіх бёрдэраў на востраве Fernando de Noronha, які належыць Бразіліі і знаходзіцца ў 350 км ад узбярэжжа кантыненту.

Дзеркача заўважылі ля вадасховішча Xaréu, якое з’яўляецца мясцовым хот-спотам для назірання розных мігрантаў. Птушка была фізічна вычарпаная і дазволіла зрабіць сабе некалькі здымкаў з блізкай адлегласці, што вельмі дапамагло ў яе вызначэнні.

Цікава, што папярэдняя рэгістрацыя віда, першая для Паўднёвай Амерыкі, адбылася 28 лістапада 2012 году ў тым самым месцы на тым самым востраве!

Дзеркачы гняздуюць на вялікай тэрыторыі ў Еўразіі, адкуль ляцяць на зімоўку ў Афрыку на поўдзень ад Сахары. Аднак як і некаторыя іншыя пастушковыя, від добра вядомы далёкімі залётамі ў іншых, чым традыцыйныя месцы зімоўкі, кірунках і шмат разоў адзначаўся на ўсходзе Паўночнай Амерыкі, на Карыбскіх астравах і на востраве Ascension (апошні знаходзіцца ў Атлантычным акіяне паміж Афрыкай і Паўднёвай Амерыкай). Ёсць і іншыя цікавыя рэгістрацыі віда, але з Індыйскага акіяну - напрыклад, з астравоў Cocos.

Некалькі дзесяцігоддзяў таму дзяркач быў параўнальна звычайным і шырокараспаўсюджаным у большай частцы Еўропы, але з-за значных зменаў у яго месцах гнездавання, звязаных найперш з інтэнсіфікацыяй сельскай гаспадаркі, на захадзе арэалу адзначана даволі рэзкае змяншэнне колькасці віда.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак з вострава) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Сокал-кабец упершыню даляцеў да Паўднёвай Амерыкі

Трансатлантычны пералёт скапы

Незвычайныя птушыныя падарожжы

ПЕРШАЯ ГУСЬ РОССА З КАНАДЗКІМ КАЛЬЦОМ ДАЛЯЦЕЛА ДА ЕЎРОПЫ