Трансатлантычны пералёт скапы

скапа

Каляровае кальцаванне скопаў (Pandion haliaetus) пачалося ў Вялікабрытаніі параўнальна даўно. А калі больш дакладна – з вяртання віда на гнездаванне ў Шатландыю, а гэта значыць з канца 1960-х. Атрыманыя з дапамогай гэтага метада дадзеныя атрымаліся вельмі каштоўнымі і па працягласці жыцця, і па адлегласці разлёта скопаў ад месца нараджэння для гнездавання і, асабліва, для лепшага разумення міграцыі віда.

Кожную зіму дзякуючы масаваму каляроваму кальцаванню, брытанскія даследчыкі скопаў атрымліваюць шмат паведамленняў пра назіранні гэтых драпежных птушак у розных краінах Заходняй Афрыкі і Іберыйскага паўвострава. Некаторыя з паведамленняў тычацца тых самых скопаў на працягу некалькіх гадоў, напрыклад, пра іх зімоўку з года ў год на Канарскіх астравах ці ў Кот Д’івуар, ці ў Гане. Аднак гэтай вясной было атрымана паведамленне пра назіранне скапы з каляровым кальцом з зусім нечаканага месца зімоўкі віда.

Амаль месяц таму Michael St John зрабіў здымкі скапы другога каляндарнаго году жыцця, маладой самкі, з блакітным кальцом на назе. Нічога незвычайнага ў гэтых здымках не было, за выключэннем месца, дзе яны былі зробленыя – на ірыгацыйных сажалках Bawdens на Барбадосе! Колер і надпіс – KW0 - былі добра бачныя і гэта значыла, што сфатаграфаваная птушка з Шатландыі. Упершыню Michael адзначыў яе яшчэ ў кастрычніку мінулага году, але тады прачытаць надпіс на кальцы ён не змог.

Даволі хутка атрымалася даведацца, што скапа з кальцом – адно з двух птушанят, акальцаваных 23.06.2022 г. на гняздзе ў Clyde Muirshiel Regional Park у Шатландыі. Гэтае гняздо знаходзіцца на штучнай гнездавой платформе, якая была ўсталяваная ў 2010-м годзе, а першая спроба гнездавання там скопаў адбылася ў 2017-м. Птушаняты выляцелі з гэтага гнязда на прыканцы ліпеня, а сваю міграцыю на месцы зімоўкі пачалі прыкладна праз месяц.

Наколькі вядома, гэта першы выпадак, калі скапа з Брытанскіх астравоў была адзначана дзе-небудзь у Амерыках. Па прамой адлегласць паміж месцам кальцавання ў Шатландыі і месцам назірання птушкі на Барбадосе атрымалася 6.635 км. Аднак гэта далёка не рэкорд для віда – некаторыя скопы з Фінляндыі ляцяць на зімоўку ажно ў Паўднёвую Афрыку, што амаль ў два разы далей. Тым не менш, у выпадку ‘нашай’ скапы з Шатландыі, пераадоленая ёй адлегласць здзіўляе тым, што амаль усё падарожжа павінна было адбыцца на Атлантычным акіянам.

мапа

З навуковых публікацый наконт характару міграцый розных відаў драпежных птушак з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў вядома, што скопы вылучаюцца найбольшай адлегласцю, якую яны могуць праляцець (без адпачынку) над морам. Іх параўнальна тонкія і доўгія крылы дазваляюць віду пад час актыўнага палёту над вадой (а іншы там для драпежных птушак немагчымы) з-за іх меншага супраціву паветру траціць менш энергіі. Маладыя скопы, якія мігрыруюць асобна і спадзяюцца на т.зв. ‘вектарнае сумаванне’ (vector summation) - (уроджаная праграма адлегласці і кірунку палёту на зімоўку), напэўна значна менш здольныя да карэктыроўкі свайго палёту ў выпадку моцных вятроў, якія могуць значна ім перашкаджаць, чым дарослыя птушкі.  

У ‘нашым’ выпадку хутчэй за ўсё птушка, якая інстынктыўна ляцела на паўднёвы захад, не змагла супрацьстаяць моцным усходнім вятрам і таму кірунак яе палёту змяніўся амаль на заходні. У гэтым ‘дапамагло’ і месцазнаходжанне Брытанскіх астравоў. У адным з раней вядомых і выключных выпадкаў малады самец скапы з перадатчыкам, акальцаваны на поўначы Шатландыі ў 2012 годзе, пад час васьмі сутак палёту апынуўся на астравах Зялёнага мысу, прыкладна ў 500 км на захад ад узбярэжжа Афрыкі. Спачатку птушка з Партугаліі прыляцела на востраў Lanzarote на Канарскім архіпелагу, а потым пераадолела амаль 1500 км над акіянам і прызямлілася на востраве São Nicolau на Cape Verde. На жаль, пазней перадатчык гэтай птушкі перастаў працаваць і яе лёс застаўся невядомы.

Аднак гэты пералёт цяжка параўнаць з асягненнем маладой самкі KW0, якая была вымушана праляцець не менш 6115 км над Атлантыкай – з Ірландыі на Барбадос. Вельмі малаімаверна, каб скапа магла здзейсніць падобны беспасадачны пералёт нават з моцнымі і пастаяннымі спадарожнымі вятрамі. Таму навукоўцы мяркуюць, што птушка хутчэй за ўсё сядала адпачыць на караблі, якія плылі ў тым жа кірунку і як мінімум частку шляху пераадолела такім чынам. Прычым для іншых скоп, са спадарожнікавым перадатчыкам, ужо вядомыя падобныя паводзіны. Адно ёсць несумненным – каб маладая скапа апынулася на Барбадосе жывой, ёй моцна пашанцавала і спрыялі розныя ўмовы пад час гэтага ўнікальнага для віду пералёту.

На сённяшні дзень птушка правяла на Карыбах амаль паўгады і яе будучыня застаецца туманнай. Справа ў тым, што скопы звычайна другі календарны год жыцця праводзяць на месцах зімоўкі і таму, калі гэта самка застанецца на Барбадосе да вясны наступнага году, гэта не павінна здзіўляць. Але далей ёй непараўнальна лягчэй ляцець на захад, на нашмат бліжэйшы бок Атлантыкі, чым вярнуцца на Брытанскія астравы.

Паводле www.roydennis.org (тэкст, здымак і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!

Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

Жаўтаногі кулік на міграцыі ляцеў больш сутак з сярэдняй хуткасцю 100 км у гадзіну!

Самая доўгая міграцыя птушак цяпер апісана найбольш дэтальна

Эпічныя міграцыі над акіянам пацверджаныя для яшчэ аднаго віду вераб’іных птушак

Новыя рэкорды: пячураўкі-будаўнічкі з Далёкага Усходу ляцяць на зімоўку ў Афрыку 13 тысяч км!