Першая гусь Росса з канадзкім кальцом даляцела да Еўропы

Гусь Росса (Anser rossii) нядаўна была сфатаграфаваная ў Нарвегіі з канадзкім кальцом і такім чынам стала першым прадстаўніком віда ў Еўропе, які мае неабвержнае пацверджанне свайго дзікага паходжання з Паўночнай Амерыкі.

Упершыню гэтая гусь была адзначана 18 верасня ў групе караткадзюбых гуменніц (A. brachyrhynchus) у мясцовасці Eidsbotn каля горада Levanger (цэнтральная частка Нарвегіі). Цікава, што праз тры дні там да гэтай групы далучылася яшчэ адна дарослая гусь Росса белай морфы, але без кальца. Абедзьве птушкі заставаліся на той самай тэрыторыі як мінімум да 4 кастрычніка.

Пасля гэтага гусі паляцелі на поўдзень і раніцай 7 кастрычніка іх ужо бачылі на поўначы Даніі ў мясцовасці Store Vildmose, потым пералёт на поўдзень працягваўся і наступным ранкам птушкі былі адзначаны ўжо ў Нідэрландах. Перамяшчэнне гусей працягвалася над марскім узбярэжжам ў заходне-паўднёвым кірунку і пазней іх зарэгістравалі над нідэрландзкай мясцовасцю Cadzand-Bad і потым у Бельгіі. На наступны дзень гусі прыпыніліся там паблізу Vlissegem, у заходняй Фландрыі, як мінімум да 11 кастрычніка. Такім чынам, гэта стала першай рэгістрацыяй віда для Бельгіі.

мапа

Пацверджаныя рэгістрацыі перамяшчэнняў у Еўропе двух гусей Росса (адзін з іх быў акальцаваны ў Канадзе) паводле BirdGuides sightings data.

Хаця здымкі кальца гусі Росса былі зроблены з параўнальна невялікай адлегласці, цалкам прачытаць камбінацыю лічбаў не атрымалася. Аднак таго, што ўдалося, было дастаткова каб вызначыць, што птушка была акальцаваная ў Канадзе недзе на вялізарнай тэрыторыі Nunavut, якая ўключае ў сябе большасць канадзкай Арктыкі.

Гусі Росса гняздуюць на поўначы Канады і на зіму мігруюць на поўдзень і захад ЗША і на поўнач Мексікі. З 1950-х гадоў адбылося значнае павелічэнне колькасці  тэрыторыі распаўсюджання віду і сучасная ацэнка іх колькасці  гэта 2 мільёны асобін.

Хаця від быў упершыню адзначаны на Брытанскіх астравах яшчэ ў 1970-м годзе, толькі праз 50 гадоў (у 2021-м) ён быў аднесены да катэгорыі А ў Брытанскім спісе птушак. Рэгістрацыі гусі Росса таксама былі залічаныя ў гэтую катэгорыю яшчэ і ў Нідэрландах, Нарвегіі і Даніі, аднак пакуль што лічацца птушкамі невядомага паходжання (катэгорыя D) у Ісландыі, Швецыі і Фінляндыі.

Паводле www.birguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак - Bjørn Fostad

 

 

На гэтую тэму:

КАРОТКАДЗЮБЫЯ ГУМЕННІЦЫ Ў ХУТКІМ ТЭМПЕ КАЛАНІЗУЮЦЬ РАСІЙСКУЮ АРКТЫКУ