Яшчэ нядаўна кароткадзюбыя гуменніцы (Anser brachyrhynchus) гнездавалі толькі на ўсходзе Грэнландыі, на Ісландыі і на Svalbard’е, а зімавалі ў Вялікабрытаніі і на ўзбярэжжы Паўночнага мора (у Бельгіі, Нідэрландах, Германіі і Даніі). Аднак за параўнальна непрацяглы час частка віда не толькі стварыла новую гняздуючую папуляцыю ў расійскай Арктыцы, але і новую трасу міграцыі да гэтых новых месцаў гнездавання.
На працягу толькі аднаго дзесяцігоддзя від пачаў гнездаваць і значна павялічыў сваю колькасць на архіпелагу Новая Зямля, які знаходзіцца на адлегласці каля тысячы кіламетраў на ўсход ад бліжэйшага ‘традыцыйнага’ месца гнездавання віда на архіпелагу Svalbard (Нарвегія).
За гэты час папуляцыя на Новай Зямлі вырасла да 3-4 тысяч птушак і працягвае павялічвацца. Арнітолагі, якія напісалі артыкул па выніках даследавання, лічаць, што такі хуткі рост колькасці віда на новым для яго месцы гнездавання стаў магчымы дзякуючы міграцыі ў рознавідавых групах гусей, а таксама капіраванню дзеянняў прадстаўнікоў свайго віду, якія ўжо загнездавалі на Новай Зямлі і выкарыстоўвалі новую трасу міграцыі каб даляцець да расійскай Арктыкі.
Дзякуючы гэтаму значна павялічылася і колькасць кароткадзюбых гуменніц у некаторых ранейшых, традыцыйных, месцах зімоўкі віда: так, на працягу ўсяго 20 гадоў на захадзе Даніі, у Нідэрландах і Бельгіі замест прыкладна 45 тысяч птушак у 1990-м годзе сталі зімаваць каля 80 тысяч кароткадзюбых гуменніц пасля 2010-га году.
З 1990-х кароткадзюбыя гуменніцы сталі рэгулярна адзначацца ў невялікай колькасці ў змешаных групах разам cа ‘звычайнымі’ гуменніцамі (A. fabalis) на поўдні Швецыі і вясной, і ўвосень, а таксама на захадзе Фінляндыі вясной. З пачатку 2000-х колькасць асобін віда стала значна большай у час міграцыі ў абодвух гэтых краінах.
Вясной 2018 і 2019 гг. даследчыкі пазначылі спадарожнікавымі GPS-перадатчыкамі 21 кароткадзюбую гуменніцу, якіх для гэтай мэты адлавілі недалёка горада Oulu ў Фінляндыі. Ад 19 гусей была атрымана інфармацыя пра трасы іх вясновай міграцыі і месцы гнездавання: 9 з іх паляцелі гнездаваць на Svalbard, а 10 – на Новую Зямлю:
Паводле Madsen et al. 2023
Навукоўцы лічаць, што параўнальна хуткая і паспяховая каланізацыя для гнездавання Новай Зямлі стала магчымай дзякуючы пацяпленню клімата і сведчыць пра тое, што як мінімум некаторыя віды птушак могуць даволі хутка адаптавацца да яго.
Крыніца: Madsen, J, Schreven, K H T, Jensen, G H, Johnson, F A, Nilsson, L, Nolet, B A, & Pessa, J. 2023. Rapid formation of new migration route and breeding area by Arctic geese. Current Biology. DOI: https://doi.org/10.1016/j.cub.2023.01.065
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Дзьмітрыя Якубовіча
На гэтую тэму:
Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?
Пацяпленне клімату спрыяе трысняговым чаротаўкам
Пачатак вясны прыспешвае значна хутчэй, чым прыспешваюць сваё вяртанне шпакі
Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне
Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата
Еўропа паступова страчвае горныя віды птушак?
Ці гнездаванне насякомаедных птушак усё яшчэ сінхранізаванае з пікам біямасы вусеняў?
Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам
Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак
Больш лагодныя зімы спрыяюць пашырэнню вялікіх савукоў у Еўропе?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ