Больш лагодныя зімы спрыяюць пашырэнню вялікіх савукоў у Еўропе?

Хаця змены клімату, без сумнення, ўздзейнічаюць і на шчыльнасць распаўсюджвання, і на агульную колькасць, і на арэал як мінімум некаторых відаў птушак Паўночнага паўшар’я, аднак гэтае ўздзеянне праяўляецца па-рознаму і часам прыводзіць да, здавалася б, парадаксальных вынікаў. Каманда польскіх навукоўцаў ў сваім нядаўна апублікаваным артыкуле разглядае гэта на прыкладзе вялікага савука (Mergus merganser merganser).

Дагэтуль найбольш вядомымі прыкладамі вымушанага прыстасавання птушак, якія гняздуюць у Паўночным паўшар’і да кліматычных зменаў (т.зв. глабальнага пацяплення) ёсць іх паступовае перамяшчэнне з паўднёвых частак арэалу ў паўночным кірунку, а горных відаў з больш нізкіх частак гор у больш высокія. Так ці інакш у выніку іх гнездавыя арэалы гэтых відаў змяншаюцца. Гэта, напрыклад, ісландзкі пясочнік (Calidris canutus), вялікі кіркун (C. alpina), даўганосы савук (M. serrator), малая чайка (Hydrocoloeus minutus) або балотная сава (Asio flammeus).

Аднак ёсць і супрацьлеглыя прыклады паўночных відаў птушак, якія параўнальна хутка і значна павялічваюць сваю колькасць і вобласць распаўсюджвання, да якіх можна аднесці, напрыклад, вераб’інага сычыка (Glaucidium passerinum), каматаногага сыча (Aegolius funereus), лебедзя-клікуна (Cygnus cygnus), гогаля (Bucephala clangula), савука-лутка (Mergellus albellus) і качку-лапаноску (Spatula clypeata). У гэтую ж групу можна аднесці і вялікага савука, для якога ў многіх месцах у Еўропе адзначана павелічэнне колькасці і пашырэнне гнездавога арэалу ў паўднёвым і заходнім кірунку.

Зразумела, што пералічаныя вышэй віды не абвяргаюць глабальнае пацяпленне і з’яўляюцца хутчэй прыкладамі складанасці і комплекснасці з’явы і таго, як розныя віды птушак могуць зусім па-рознаму рэагаваць на змены клімату і ўсё, што з гэтым звязана.

У выпадку вялікіх савукоў важным уяўляецца аспект міжвідавой канкурэнцыі з чорнаваллёвым гагачом (Gavia arctica) і, пазней, з даўганосымі савукамі за харчовыя рэсурсы, якія становяцца больш даступнымі для вялікіх савукоў пасля паступовага адсоўвання гнездавых папуляцый двух апошніх відаў далей на поўнач.

У Паўночнай Польшчы, дзе гнездавая біялогія вялікіх савукоў вывучалася ў 1987–1996 гг, было паказана, што поспех гнездавання віда быў большы пасля зімаў, калі лядовае покрыва знікала на вадаёмах і вадацёках хутчэй. Была знойдзена значная пазітыўная карэляцыя паміж знікненнем лёду і датай адкладкі яек, а, у сваю чаргу, поспех больш ранніх кладак быў вышэйшы за больш познія. Сярэдняя дата пачатку адкладкі яек у вялікіх савукоў з Паўночнай Польшчы была 13 красавіка ± 15 дзён (SD). Таму вельмі магчыма, што з улікам і іншых зменаў і фактараў, адаптыўныя магчымасці вялікіх савукоў да больш ранняга пачатку сезону гнездавання ў лагодныя зімы могуць быць часткова адказныя за пашырэнне гнездавога арэалу віду ў Еўропе як мінімум у апошнія 30 гадоў.

Крыніца: Marchowski D., Mohr A., Ławicki Ł. & Jankowiak Ł., 2022. Warmer winters increase the breeding success of the Goosander in the Pomeranian Lake District in Poland - Ardea 110: 1–15 https://doi.org/10.5253/arde.v110i1.a3

Паводле www.bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак пары вяікіх савукоў яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Як вялікія савукі загнездавалі ў цэнтры Гродна і што з гэтага атрымалася + VIDEO

Пацяпленне клімату спрыяе трысняговым чаротаўкам

З-за пацяплення клімату змяніўся не толькі пачатак гнездавання птушак, але і яго заканчэнне ў сезоне

Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне

Еўропа паступова страчвае горныя віды птушак?

Ці гнездаванне насякомаедных птушак усё яшчэ сінхранізаванае з пікам біямасы вусеняў?

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Кулікі адсоўваюцца на поўнач