Пацяпленне клімату спрыяе трысняговым чаротаўкам

Хаця параўнальна хуткія змены клімату хутчэй негатыўна ўздзейнічаюць на лакальныя папуляцыі і агульнае распаўсюджанне многіх відаў птушак па ўсяму свету, глабальнае пацяпленне мае і пазітыўныя вынікі - як мінімум для некаторых відаў.

Паводле нядаўняга даследавання, больш цёплыя летнія месяцы ў Еўропе дазваляюць мець больш працяглы гнездавы сезон і большую прадуктыўнасць, напрыклад, трысняговым чаротаўкам (Acrocephalus scirpaceus).

Каманда польскіх арнітолагаў правяла аналагічныя даследаванні папуляцыі трысняговых чаротавак у Паўднёва-Заходняй Польшчы з перарывам больш, чым у два дзесяцігоддзі: у 1980-83 і 2005-12 гг. У апошні перыяд сярэднія летнія тэмпературы былі большыя на 1,5°C у параўнанні з папярэднім. 

З-за таго, што трысняговыя чаротаўкі у апошнія некалькі гадоў вяртаюцца ў Еўропу раней, яны маюць больш працяглы гнездавы перыяд (гэта час ад пачатку гнездавання самай ранняй пары да завяршэння бацькоўскага дагляду птушанят самай позняй пары ў гэтым сезоне).

Атрыманыя вынікі сведчаць, што працягласць гнездавога перыяду павялічылася з пачатку 1980-х прыблізна на 2 тыдні. Акрамя гэтага, значна павялічылася прадуктыўнасць чаротавак – ажно на 75%! Адпаведна сярэдняя колькасць выляцелых з гнязда птушанят у сярэднім на самку ўзрасла з 1,6 у пачатку 1980-х да 2,8 ў сярэдзіне 2000-х гадоў.

Цікава, што доля самак, якія гнездавалі другі раз у сезон павялічылася з 2,7% ажно да 23,6%! Значна зменшылася і прапорцыя тых самак, якія не здолелі выгадаваць да вылету ніводнага птушаня: з 48,1 да 15,5% адпаведна ў першым і ў другім перыядзе даследаванняў. Значна большы поспех размнажэння быў звязаны не толькі з большай колькасцю птушанят у паспяховых гнёздах, але таксама і з тым, што з-за больш працяглага сезону гнездавання непаспяховыя пары мелі магчымасць зрабіць паўторныя спробы гнездавання.

Негледзячы на тое, што самкі сталі ўкладваць больш сілаў ў свой рэпрадуктыўны поспех, смяротнасць самак была аднолькавай і ў першы, і ў другі перыяд правядзення даследаванняў. Хутчэй за ўсё гэта звязана з тым, што колькасць даступнай чаротаўкам ежы (дробных безхрыбетных) павялічылася ў 2000-я. Аднак гэта толькі папярэднія дадзеныя, якія патрабуюць далейшага пацверджання.

Такім чынам, для відаў, якія паспяваюць размнажацца другі раз за сезон у сувязі з яго павялічанай працягласцю з-за пацяплення клімату, гэтыя змены могуць быць яўна карыснымі.

Крыніца:

Halupka L, Borowiec M, Neubauer G, & Halupka K. 2021. Fitness consequences of longer breeding seasons of a migratory passerine under changing climatic conditions. Journal of Animal Ecology. DOI: https://doi.org/10.1111/1365-2656.13481

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

З-за пацяплення клімату змяніўся не толькі пачатак гнездавання птушак, але і яго заканчэнне ў сезоне

Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Еўропа паступова страчвае горныя віды птушак?

Ці гнездаванне насякомаедных птушак усё яшчэ сінхранізаванае з пікам біямасы вусеняў?

Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам

Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак

За мінулае стагоддзе птушкі Каліфорніі пачалі гнездаваць на тыдзень раней