Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак

Час ці дакладней дата, калі птушкі вырашаюць пачаць гнездаваць у канкрэтным сезоне размнажэння, мае непасрэдны і моцны ўплыў на поспех гнездавання і на колькасць маладых, якія выляцяць з гнязда. Звычайна птушкі стараюцца прывязаць час вылуплення птушанят да часу максімальнай даступнасці ежы для іх. Таму дагэтуль лічылася, што пацяпленнек клімату збівае гэтыя “настройкі” птушак з-за таго, што яны больш не сінхранізуюцца з сапраўдным ходам вясны, калі расліны распускаюцца раней, раней заквітаюць і насякомыя ды іншыя безхрыбетныя як асноўная ежа птушанят таксама з’яўляюцца раней.

Хаця многія віды вераб’іных у цёплыя вёсны пачынаюць гнездаваць раней, аднак арнітолагі працягвалі непакоіцца: ці сінхранізацыя, неабходная для паспяховага гнездавання сапраўды адбываецца?

Каб праверыць гэта, Брытанскі арніталагічны траст (BTO) у супрацы з Woodland Trust, Rothamsted Research, Butterfly Conservation і Centre for Ecology & Hydrology (CEH) зрабілі самае доўгатэрміновае параўнанне дадзеных па пачатку вясны на Брытанскіх астравах. Навукоўцы паспрабавалі звязаць даты з’яўлення лістоты, кветак са з’яўленнем тлі, дзённых і начных матылёў і датамі пачатку кладак у вераб’іных птушак розных відаў дзякуючы выкарыстанню BTO/JNCC Nest Record Scheme. Як і меркавалася, у больш цёплыя вёсны птушкі праяўляюць тэндэнцыю пачынаць гнездаваць пазней, чым трэба было б. І такія віды, як канаплянка (Carduelis cannabina) ці пячураўка-будаўнічок (Phylloscopus trochilus) сапраўды адзначаюцца ў Вялікабрытаніі найбольш маштабнымі змяншэннямі колькасці. Тым не менш, выкарыстоўваючы дадзеныя па кальцаванню птушанят і, адпаведна, сярэдняй колькасці злёткаў для розных відаў птушак, арнітолагі не знайшлі доўгатэрміновага змяншэння поспеху рамнажэння. Таму і прыйшлі да высновы, што змяншэнне колькасці многіх гняздуючых на Брытанскіх астравах вераб’іных птушак наўпрост не звязана з пацяпленнем клімата і неаптымальным пачаткам гнездавання.

Галоўны аўтар публікацыі, Сэм Фрэнкс (Sam Franks), эколаг з BTO, сказаў: "Атрыманыя вынікі значна павялічылі наша разуменне спецыфічных шляхоў, якімі змены клімату могуць ўздзейнічаць на птушыныя папуляцыі. Негледзячы на тое, што існуе агульнае меркаванне, што больш ранняе наступленне вясны – адзін з галоўных фактараў, якія стаяць за змяншэннем папуляцый нашых птушак з-за доўгатэрміновых змяншэнняў у поспеху размнажэння, мы знайшлі, што гэта не так. Магчыма, што больш позні (чым аптымальны) пачатак гнездавання ў раннія вёсны ёсць адной з прычын горшай выжывальнасці дарослых птушак або злёткаў, але дакладна гэта яшчэ невядома”.

Джэймс Пірс-Гіггінс (James Pearce-Higgins), навуковы дырэктар BTO, таксама адзін з сааўтараў публікацыі, сказаў: “Гераічныя намаганні тысяч валанцёраў, якія сабралі мноства феналагічных дадзеных па птушках, насякомых і раслінах дазволілі нам выкарыстаць доўгатэрміновыя дадзеныя для разумення дзеяння зменаў клімату на птушыныя папуляцыі. Хаця некаторыя цёплыя вёсны дапамагаюць папуляцыям тых птушак, якія застаюцца ў нас зімаваць, але для доўгадыстанцыйных мігрантаў гэта не так. І хаця нашы папярэднія ўяўленні пра несінхранавасць іх прылётаў з больш раннімі вёснамі як прычыны змяншэння папуляцый не пацвердзіліся, мы павінны знайсці што ж усё ж стаіць за гэтымі змяншэннямі”.

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак маладых звычайных чаротавак (Acrocephalus schoenobaenus) Юрыя Квача

 

 

На гэтую тэму:

ЗА МІНУЛАЕ СТАГОДДЗЕ ПТУШКІ КАЛІФОРНІІ ПАЧАЛІ ГНЕЗДАВАЦЬ НА ТЫДЗЕНЬ РАНЕЙ

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?

Кулікі адсоўваюцца на поўнач

МІГРЫРУЮЧЫЯ ВЕРАБ’ІНЫЯ ПТУШКІ ТАГО Ж ВІДУ ВЫЖЫВАЮЦЬ ЛЕПШ, ЧЫМ АСЕДЛЫЯ