Пачатак вясны прыспешвае значна хутчэй, чым прыспешваюць сваё вяртанне шпакі

шпак

Змены клімату больш ці менш значна ўздзейнічаюць на большасць відаў-мігрантаў, між іншым на іх размяшчэнне ў гнездавы і пазагнездавы сезоны, адлегласці і маршруты сезонных міграцый, а таксама на феналогію. Каманда латвійскіх даследчыкаў вырашыла больш дакладна апісаць змены ў вясновай феналогіі прылётаў звычайнага шпака (Sturnus vulgaris), кароткадыстанцыйнага мігранта для краін паўночна-усходняй часткі Еўропы, у сувязі са зменамі ў надыходзе метэаралагічнай вясны за апошняе стагоддзе.

З 1880 г. сярэдняя тэмпература паветра на Зямлі павялічылася на 0,85°C (IPCC 2014) і змены клімату і вынікі гэтага становяцца ўсё большай праблемай. Хаця неабходна падкрэсліць, што віды заўсёды прыстасоўваліся да падобных зменаў, аднак сучасныя змены маюць настолькі хуткі характар, што выклікаюць засцярогі пра магчымасць адаптацыі да іх.

Папуляцыі жывёл прадэманстарвалі шматлікія магчымыя адаптацыі да зменаў ўмоваў навокал. Змены арэалаў і феналогіі самых важных працэсаў у жыццёвым цыкле  - адны з самых важных з іх і найбольш заўважных, асабліва сярод птушак. Сярод першых найбольш вядомыя вымушаныя перамяшчэнні ў больш высокія часткі гор у горных відаў птушак і больш на поўнач у тундравых відаў. Змены ў міграцыйных паводзінах як мінімум некаторых відаў адзначаны не толькі на лакальным узроўні, але і ў глабальных маштабах. Так, напрыклад, віды-кароткадыстанцыйныя мігранты раней вяртаюцца вясной і пазней адлятаюць увосень, а некаторыя іх прадстаўнікі увогуле перасталі адлятаць на зімоўку ці мігрыруюць на значна меншыя адлегласці, чым раней. Адпаведна многія віды раней пачынаюць свой гнездавы сезон і змены феналогіі гнездавання ўдзейнічаюць на тэрміны міграцыі і наадварот.

Агульная колькасць звычайных шпакоў у Еўропе зменшылася на 68% паміж 1980 і 2015 гг., аднак змяншаюцца толькі папуляцыі ў Паўночнай і Заходняй Еўропе, тады як у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы яны наадварот, павялічваюцца.

Каб зрабіць адпаведныя параўнанні, даследчыкі выкарысталі адкрытую базу Chronicles of Nature Calendar, з якой выбралі для параўнання 4291 дату першага назірання шпакоў вясной паміж 1922 і 2017 гг. у 171 месцы ў Паўночна-Усходняй Еўропе. Тэмпература паветра адпаведна бралася з European Climate Assessment and Dataset database.

графікі

Чырвоныя трохвугольнікі - месцы і прыкладная колькасць дадзеных (гадоў) з іх па датах прылётаў першых шпакоў, сінія кропкі - месцы, для якіх знайшліся адпаведныя дадзеныя па вясновых тэмпературах у гэтыя ж гады. Паводле Dinsbergs, I., Keišs, O. & Briedis, M. 2023

Чакана аказалася, што даты вясновых прылётаў шпакоў пазітыўна карэліруюць з павелічэннем вясновых тэмператур і ў асобных месцах, і на большых па плошчы тэрыторыях. Але на працягу 96 гадоў, для якіх атрымалася знайсці адпаведныя і параўнальныя дадзеныя, шпакі прыспешылі сваё вясновае вяртанне на амаль 5 дзён, тады як пачатак вясны прыспешыўся амаль на 20 дзён і такім чынам яўна ‘зламаў’ моцную ранейшую карэляцыю.

Гэта можа дэманстраваць эвалюцыйныя абмежаванні паскарэння, ці прыспешвання вясновага прылёту шпакоў на гнездавыя тэрыторыі ў Паўночна-Заходняй Еўропе. І звязана гэта можа быць з рознымі прычынамі, напрыклад з адлегласцю аптымальных месцаў зімоўкі, працягласцю і спеыфічнасцю маршрутаў вясновай міграцыі з іх і іншымі экалагічнымі параметрамі, якія за апошняе стагоддзе не змяніліся або змяніліся параўнальна нязначна.

Неабходна падкрэсліць, што ў далёкадыстанцыйных мігрантаў, якія зімуюць у іншых кліматычных зонах чым гняздуюць, час пачатку восеньскай і вясновай міграцый вызначаецца фотаперыядызмам (працягласцю светлай часткі сутак) і таму такія віды не могуць значна прыспешыць час свайго прылёту на месцы гнездавання. У адрозненне ад іх, блізкадыстанцыйныя мігранты (якія зімуюць у той самай кліматычнай зоне, што і гняздуюць), больш пластычныя і трыгерам да пачатку вясновай (як і восеньскай) міграцыі для іх служыць адпаведны для пачатку пералёту перыяд надвор’я. Таму такія віды могуць параўнальна значна прыспешваць тэрміны свайго вяртання, калі адпаведным чынам змяняюцца вясновыя тэмпературы і надвор’е ўвогуле спрыяе міграцыі. Аднак для шпакоў фотаперыядызм быў знойдзены як вызначаючы пачатак міграцыі і іншых жыццёвых цыклаў фактар (Gwinner 1996) — механізм, які тыповы як раз для далёкадыстанцыйных мігрантаў.

Крыніца: Dinsbergs, I., Keišs, O. & Briedis, M. 2023 Spring phenology is advancing at a faster rate than arrival times of Common Starling. J Ornithol Published: 18 January 2023 https://doi.org/10.1007/s10336-022-02044-6

Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

З-за пацяплення клімату змяніўся не толькі пачатак гнездавання птушак, але і яго заканчэнне ў сезоне

Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак

Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам

Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Пацяпленне клімату спрыяе трысняговым чаротаўкам

Вясковыя ластаўкі пачалі паспяхова зімаваць у Вялікабрытаніі!

ВЯСНА ПРЫЛЯЦЕЛА Ў БЕЛАРУСЬ УЖО Ў СЯРЭДЗІНЕ КАЛЯНДАРНАЙ ЗІМЫ