Якія жураўлі зімуюць у Польшчы?

У апошнія некалькі гадоў у Польшчы ўсё больш назіранняў зімуючых шэрых жураўлёў (Grus grus). Павялічваецца і колькасць птушак, якія застаюцца ў гэтай краіне на зімоўку. Гэтыя змены ў паводзінах як мінімум некаторых прадстаўнікоў віду звязваюць з пацяпленнем клімату (мяккімі зімамі і адсутнасцю або непрацяглым снежным покрывам, лёгкім доступам да незамёрзлай вады). Не менш важныя і змены ў сельскай гаспадарцы (значнае павелічэнне вялікіх па плошчы палёў кукурузы, шматлікімі рэшткамі якой птушкі могуць харчавацца ўсю зіму).

Аднак не зразумелым было паходжанне зімуючых у Польшчы журавоў. І праверыць гэта атрымалася для заходняй часткі краіны дзякуючы шматлікім птушкам, пазначаным тут каляровымі пластыкавымі кольцамі.   

Існуюць тры самыя папулярныя меркаванні: што зімуючыя журавы – гэта птушкі з мясцовай папуляцыі, якія ўжо зусім нікуды не адлятаюць; што гэта птушкі з паўночна-усходняй часткі арэалу віда, якія такім чынам змяншаюць адлегласць сваіх пералётаў; ці што гэта і мясцовыя птушкі, і журавы з паўночнага усходу. Атрымалася, што гэта хутчэй трэцяя опцыя, але трошкі больш складаная.

Усяго за мінулыя некалькі гадоў аўтар акальцаваў у Вялікапольскім ваяводзтве (Заходняя Польшча) каля 300 мясцовых журавоў. У залежнасці ад сезону, колькасць такіх пазначаных птушак, якіх атрымліваецца распазнаць дзякуючы кольцам, змяняецца. Цікава, што разам з асноўнай хваляй восеньскіай міграцыі віду, птушкі з захаду Польшчы таксама ляцяць на захад і іх рэгіструюць у Германіі і Францыі ў кастрычніку і лістападзе. Аднак ужо ў снежні і студзені яны (прынамсі частка) вяртаюцца на ўсход і іх назіраюць у наваколлі Берліна або недалёка ад месцаў гнездавання. Да таго ж частка птушак застаецца ў месцаў кальцавання ўсю зіму. І не варта забываць, што ўсё ж большасць мясцовых журавоў адлятае на ўсю зіму на захад і іх адзначаюць у Францыі і Гішпаніі.
 

Паводле Błażej Nowakна Ptaki Polski - Birding Poland [grupa dyskusyjna] падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

NB Дзякуючы паведамленням з усёй Беларусі, якія мы змяшчаем штозіму ў табліцы, мы ведаем пра адзінкавыя выпадкі зімоўкі віда ў апошнія гады і ў нас, прычым гэтыя рэгістрацыі адбываюцца пераважна на захадзе Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны, аднак есць падобныя назіранні з мінулай зімы і з Полаччыны.

Здымак маладога жураўля на зімоўцы ў Полацкім раёне Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

ПРЫЙШЛА ЗІМАПАЧАЛІСЯ ЗІМОВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

ПАЛОВА ЎСІХ ШЭРЫХ ЖУРАЎЛЁЎ ЕЎРОПЫ ЗНАХОДЗЯЦЦА ЗАРАЗ У ФРАНЦЫІ

Шведы сустракаюць тысячы жураўлёў

За журавлями на Ельнинский Мох

БЕЛЫЯ БУСЛЫ З ГЕРМАНІІ І АЎСТРЫІ: У ПЕРШЫ ГОД ЖЫЦЦЯ ЗАГІНУЛІ 9 З 10

ГЕРМАНІЯ – НОВАЕ ВАЖНАЕ МЕСЦА ЗІМОЎКІ МАЛЫХ ЛЕБЕДЗЯЎ

ПЯЧУРАЎКІ-ЗАРНІЧКІ ПАЧАЛІ ЗІМАВАЦЬ У ЕЎРОПЕ!