Брытанскі арніталагічна-фауністычны камітэт (British Ornithological Records Committee (BOURC)) афіцыйна дадаў у Брытанскі спіс птушак 3 новыя віды, такім чынам іх стала 633. Цікава, што яшчэ 7 гадоў таму, у 2016 годзе, у Спіс быў дададзены 600-ы від. На сённяшні дзень яшчэ некалькі новых для Вялікабрытаніі відаў знаходзяцца пад разглядам BOURC, таму брытанскі спіс яўна будзе павялічвацца і далей.
Першы з трох відаў – гэта індыйская пячураўка (Phylloscopus griseolus), якая была адзначана ў мясцовасці Lundy, у Devon’е, 8 чэрвеня 2021 года. Хаця птушка была там толькі адзін дзень, спяваючы самец быў добра сфатаграфаваны і яго голас запісаны многімі твітчарамі. Від гняздуе ў цэнтральна-азіяцкіх рэгіёнах Расіі, у Афганістане, Казахстане, Туркменіі, Таджыкістане, Кыргызстане і Манголіі, а зімуе ў Індастане. Не было ніякіх індыкатараў, што птушка паходзіць з няволі, таму рэгістрацыя была прызнаная як адпаведная катэгорыі А. Акрамя гэтага брытанскага, існуе яшчэ адно еўрапейскае назіранне віда, якое адбылося ў Даніі 30 мая 2016 года.
Яшчэ 2 новых віда былі дададзены па рэгістрацыях, зробленых у 2022 годзе.
Першы з іх – дамініканская чайка (Larus dominicanus), якая была адзначана ў мясцовасці Grafham Water, Cambridgeshire, з 1 па 10 жніўня 2022 года. Від мае шмат падвідаў, якія гняздуюць на ўзбярэжжах Паўднёвага паўшар’я ад Паўднёвай Амерыкі да Аўстраліі і Паўднёвай Афрыкі. Цікава, што BOURC падкрэсліў, што птушка не адносіцца да паўднёва-афрыканскага падвіду vetula, да якога аднеслі ўсіх ранейшых дамініканскіх чаек, якія заляталі ў Еўропу. Тым не менш, падвід брытанскай чайкі застаецца невызначаным.
Дамініканская чайка, Grafham Water, Cambridgeshire, жнівень 2022 г..
Другі від, таксама амерыканскі, гэта малая, ці амерыканская чайка-лазянік (Ixobrychus exilis), якая ў вельмі кепскім стане была знойдзена ў мясцовасці Scousburgh на Шэтландзкіх астравах 7 кастрычніка 2022 года. Перадача чаплі ў ветэрынарную клініку не дапамагла і на наступны дзень птушка памерла. Від таксама мае шмат падвідаў і гняздуе ад усходніх рэгіёнаў Канады, праз паўднёва-усходнія штаты ЗША і Цэнтральную Амерыку да Аргентыны і Перу. Аналіз парэштак паказаў, што хутчэй за ўсё гэта была самка першага году жыцця. І хаця падвід вызначыць не атрымалася, аднак BOURC сцвярджае, што хутчэй за ўсё гэта быў прадстаўнік паўночна-амерыканскага падвіду exilis.
Амерыканская чапля-лазянік, Scousburgh, Mainland, Shetland, 07-10-2022.
----------------------------------------------------------------------------------------------------
Нагадаем, што ў Спісе птушак Беларусі на пачатак 2023 году было 342 віды.
Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На здымку зверху - індыйская пячураўка, Lundy, Devon, 08-06-2021.
На гэтую тэму:
Брытанскі Спіс птушак дасягнуў 600 відаў!
Вялікабрытанія страціла 73 мільёны птушак за мінулыя 50 гадоў
Поплаўны лунь знік як гняздуючы ў Брытаніі, але 12 іншых рэдкіх відаў там павялічваюць колькасць
Сорак гадоў самых вялікіх улікаў паказалі што змянілася з птушкамі ў Вялікабрытаніі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ