
Многія віды могуць дасягнуць вялікай папуляцыйнай шчыльнасці ў месцах, дзе для гэтага дастаткова рэсурсаў. Нечакана рэкордная шчыльнасць была знойдзена пад час правядзення чарговых улікаў для часткі вянгерскай папуляцыі сыча-сіпеля (Athene noctua) y традыцыйным для гэтай краіны сельскім краявідзе.
Знойдзеная шчыльнасць значна пераўзыходзіць вызначаную для іншых тэрыторый з падобнай плошчай. Усяго было ўлічана 176 вакалізуючых самцоў сыча-сіпеля на плошчы ў 6,58 кв км, а папуляцыйная шчыльнасць у трох мястэчках, у якіх правялі ўлікі (адпаведна 33,3, 29,4 і 22,5 вакалізуючых самцоў/кв км) ажно ў 2-3 разы пераўзыходзіць гэты паказчык для іншых месцаў у Паўднёвай Еўропе, дзе від вядомы сваёй вялікай шчыльнасцю. Больш за тое, гэтыя лічбы – самыя вялікія для любога віду соваў у Еўропе.
Месцы, дзе праводзіліся ўлікі сыча-сіпеля – гэта тэрыторыя з традыцыйным вядзеннем сельскай гаспадаркі на невялікіх фермах з невялікімі паселішчамі, акружаная лугамі ў мясцовасці Hortobágy на ўсходзе Венгрыі. Таксама ў Hortobágy знаходзіцца нацыянальны парк плошчай ў 8 тыс га, прызнаны UNESCO у 1999 г. Сусветнай прыроднай спадчынай. Гэта самая вялікая прыродная тэрыторыя, якая мае ахоўны статус у Венгрыі і адначасова самыя вялікія напоўнатуральныя лугі ў Еўропе.
Папярэднія даследаванні віда ў гэтым рэгіёне, зробленыя ў 2010-11 гг паказалі, што жылыя дамы і будынкі фермаў з’яўляюцца галоўнымі месцамі гнезавання сыча-сіпеля. A ўжо тады высокая шчыльнасць гэтых соваў там звязаная з экстэнсіўнай, традыцыйнай сельскай гаспадаркай і вялікай доляй лугоў у наваколлі.
У аглядзе публікацый на гэтую тэму, зробленым вянгерскімі навукоўцамі, яны знайшлі што часам трапічныя прадстаўнікі роду Athene (A. cunicularia, A. brama) і сыч-сіпель A. noctua ў іншых частках Свету могуць дасягаць падобных шчыльнасцяў на гнездаванні, як і іншыя трапічныя лясныя віды соваў.
І хаця сыч-сіпель моцна зменшыў сваю колькасць у многіх месцах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы з-за інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, некаторыя паселішчы чалавека з традыцыйным укладам жыцця ўсё яшчэ застаюцца высокаякаснымі гнездавымі тэрыторыямі віда.
Крыніца: Šálek M. et al. 2025. In Owl’s Paradise: Little Owl Population Densities in Traditional Human Settlements Represent One of the Highest Densities Reported Among Owls. J of Raptor Res. 59(1):1-11 DOI: https://doi.org/10.3356/jrr2372
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Ігара Белезека
На гэтую тэму:
Вераб’іны сычык пачаў каланізацыю Гішпаніі?
Вызначаны Топ-10 найбольш і найменш вывучаных відаў соваў і драпежных птушак
Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі
Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ