Спроба гнездавання трыа скопаў скончылася няўдачай

скапа

Незвычайны выпадак гнездавання ў адным гняздзе двух самак і самца скапы (Pandion haliaetus) у Шатландыі, які адбываўся пад назіраннем камеры арганізацыі Forestry and Land Scotland (FLS), скончыўся трагічна для птушанят.

У гняздзе, якое знаходзілася пад маніторынгам Tweed Valley Osprey Project (TVOP) каля мясцовасці Peebles, утварылася незвычайнае трыа з двух самак і аднаго самца. Хаця ўсе тры птушкі мелі кольцы, вызначыць па іх атрымалася толькі самак. Адна з іх - шматгадовая мясцовая скапа 'Mrs O', новая самка 'F2' і малады самец. Самкі разам адклалі 4 яйкі і мірна ўжываліся на адным гняздзе.

Тым не менш, перад пачаткам вылуплення птушанят, самец прапаў і самкі засталіся без рэгулярных прыносаў ежы, якія забямпечваў іх партнёр. Хаця спачатку самка F2 прынесла на гняздо часткова з’едзеную рыбіну і абедзьве самкі пачалі карміць птушанят разам, у наступныя 2 дні птушкі заставаліся без ежы.

Diane Bennett, каардынатарка TVOP, сказала: "Самка Mrs O засталася з птушанятамі, тады як другая самка, F2, паспрабавала ўзяць на сябе ролю самца і адляцела на паляванне”. У першы дзень яна прынесла на гняздо невялікую рыбіну, якую цалкам з’ела самка Mrs O і птушаняты не атрымалі нічога. На наступны дзень памерлі 3-е малодшых, а апошні пазасталы ў жывых таксама загінуў пад час спробы накарміць яго праз некалькі гадзін.

Каардынатарка праекту апісала ўзаемаадносіны паміж птушкамі як талерантныя, хаця да знікнення самца часам назіраліся невялікія непаразуменні пад час прыносаў здабычы апошнім. Тыпова самка Mrs O ела першай, але дзялілася парэшткамі з F2.

птушка

Падобныя выпадкі гнездавання - трое скопаў у адным гняздзе - выключна рэдкія і ніколі раней не назіраліся пад час стрыму ў рэжыме Live. Скопы гняздуюць у даліне Tweed Valley з 1990-х і з таго ж часу валанцёры манітораць і ахоўваюць гнёзды віду.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і скрыншот) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак скапы Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Упершыню за апошнія 200 гадоў скопы загнездавалі ў Ірландыі

Арніталагічная сенсацыя: гнездаванне скапы ва Украіне

Знакамітая шатландзкая Lady ізноў выгадавала птушаня

Трансатлантычны пералёт скапы