Бёрдынг як частка экатурызму расквітае ў бяспечных краінах

Бёрдынг (birding) у апошнія дзесяцігоддзі стаў значна больш папулярным і ператварыўся ў адно з адгалінаванняў экатурызму з самым хуткім ростам. Адным з галоўных вынікаў гэтага для аховы птушак стаў моцны стымул мясцовым супольнасцям захоўвываць прыроднае асяроддзе. Тым не менш, апошняе даследаванне паказала, што далёка не ўсе краіны становяцца папулярным кірункам для замежных бёрдэраў і карыстаюцца з гэтага глабальнага бума.

Даследаванне, якое ачольвала эколаг Natalia Ocampo-Peñuela з універсітэту штата Каліфорнія (ЗША), ацэньвала развіццё і магчымы рост назіранняў за птушкамі як турызму ў 155 краінах па ўсяму Свету. Для гэтага каманда навукоўцаў выкарыстоўвала дадзеныя BirdLife International па відавой разнастайнасці адзначаных там птушак, прысутнасці відаў з абмежаваным распаўсюджаннем, з платформы eBird паміж 2010 і 2022 гг. узялі колькасць занесеных на платформу назіранняў замежнікамі і працягласць іх паездак (у днях), а паводле Global Peace Index і Human Development Index бралі дадзеныя па эканамічнаму развіццю і агульнай бяспецы ў краіне.

Вынікі выразна высвяцілі гісторыі поспеху адных і невыкарыстаныя магчымасці іншых краін. Калумбія і Індыя прадэманстравалі самы вялікі рост - там замежныя турысты правялі ў 40 разоў больш чалавека-дзён у назіраннях птушак у 2022 годзе ў параўнанні з 2010-м. У Калумбіі ж была адзначана і найбольшая колькасць замежных бёрдэраў, у тым ліку дзякуючы развіццю інфраструктуры і адпаведным маркетынгавым кампаніям. Коста-Рыка і Мексіка таксама паказалі выдатныя вынікі, дэманструючы як інвестыцыі ў экатурызм могуць даваць хуткі вынік.

Іншыя трапічныя краіны з вялікай відавой разнастайнасцю і мноствам відаў-эндэмікаў, тым не менш, паказалі вельмі нязначны рост колькасці і турыстаў-бёрдэраў, і праведзеных імі ў краіне дзён - ад 2 да 4 разоў. Гэта, напрыклад, Дэмакратычная рэспубліка Конга і Папуа Новая Гвінея. Аналіз дадзеных паказаў, што Human Development Index можа тлумачыць 41% у знойдзеных адрозненнях папулярнасці той ці іншай краіны сярод бёрдэраў, тады як відавая разнастайнасць птушак толькі 22%. Такім чынам, турыстаў прыцягваюць не столькі колькасць відаў, якіх можна тэарэтычна адзначыць у краіне, але яе дасягальнасць, бяспечнасць і інфраструктура.

Некаторыя краіны - такія, як Канада і некаторыя дзяржавы Заходняй Еўропы, наведваюцца непрапарцыйна вялікай колькасцю замежных назіральнікаў птушак у параўнанні з відавым багаццем мясцовай авіфауны. Тады як Балівія, Мадагаскар і Папуа Новая Гвінея яўна маглі б стаць нашмат больш папулярнымі сярод бёрдэраў (магчыма ў гэтым перашкаджаюць і высокія кошты падарожжаў да іх).

Даследаванне выявіла магчымыя ўрокі для тых краін, якія хочуць развіваць бёрдынг-турызм. Варта інвеставаць у гідаў, вывучэнне і арганізацыю маршрутаў, засідкі і бяспеку ў турыстычных месцах. Не менш важнымі з’яўляюцца падтрымка ініцыятываў мясцовых супольнасцяў па захаванню прыроднага асяроддзя і стварэнню ўстойлівага бізнесу, у тым ліку і праз падаткавыя стымулы.

Аўтары артыкула падкрэсліваюць, што часта экатурызм можа служыць альтэрнатывай кароткачасоваму выкарыстанню рэсурсаў канкрэтнай тэрыторыі для здабывання карысных выкапняў або высечкі лясоў. Для гэтага патрэбны доўгатэрміновы погляд і адпаведная палітыка.

Крыніца: Ocampo-Peñuela, N, Winton, S, de Alfaro, L, Bjegovic, K, de Alfaro, S and Neate-Clegg, M. 2025. Global disparities in birdwatching tourism: ecological and socioeconomic drivers of growth across 155 countries. People and Nature. DOI: https://doi.org/10.1002/pan3.70105

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак пад час назіранняў птушак на Мадагаскары яго ж

 

На гэтую тэму:

У лютым з’явіліся дзве асобы, якія бачылі 10 тысяч відаў птушак!

Калумбія ізноў першая ў разнастайнасці птушак

Адзін з васьмі ўсіх відаў птушак сустракаецца ў Індыі

Новы рэкорд Вялікага дня (Big Day) ўсталяваны ў Эквадоры, у Коста Рыцы атрымалася толькі абнавіць трэці вынік

Інтэрв’ю з Чэмпіёнам, які адзначыў 6833 віды птушак за свой Вялікі год

Бёрдуотчары штогод трацяць у польскай частцы Белавежскай пушчы мільёны даляраў