Адзін з васьмі ўсіх відаў птушак сустракаецца ў Індыі

Цяпер і жыхары Індыі могуць ганарыцца – нядаўна быў створаны і апублікаваны першы афіцыйны Спіс птушак гэтай краіны. У ім апынуліся 1263 віды, гэта 12% ад усіх відаў, якія сустракаліся ў гістарычны час на Зямлі. 

Індыя - адна з дванаццаці найбагацейшых паводле біяразнастайнасці краін на нашай планеце. Сярод іншых таксонаў расліннага і жывёльнага свету, птушкі вылучаюцца ў добры бок найбольшай папулярнасцю і пазнанасцю. У многіх краінах Спісы птушак, якія адносяць адзначаныя ў іх віды птушак да розных катэгорый паводле абарыгеннасці і іншым крытэрыям рэгулярна абнаўляюцца і, акрамя навуковай каштоўнасці, таксама даюць магчымасць прыцягваць ўвагу і грошы бёдуотчараў. Аднак сучасны (паводле праверкі дадзеных і таксанамічнага падыходу) спіс птушак адсутнічаў для Індыі яшчэ да нядаўняга часу. Тройка арнітолагаў: Praveen, Pittie і Jayapal вырашыла змяніць гэтую сытуацыю.

Пасля некалькіх год працы такі Спіс птушак Індыі нарэшце з’явіўся. У ім, сярод іншых, таксама нядаўна апісаны для навукі гімалайскі лясны дрозд Himalayan forest thrush (Zoothera salimalii). Таксама ў Спісе і толькі што адкрыты навукоўцамі белабровы пагоніч white-browed crake (Amaurornis cinerea) (Gogoi & Phukan 2016).

На першы погляд, стварыць падобны Спіс птушак, адзначаных у краіне, лёгка – для гэтага трэба толькі выкарыстаць па магчымасці максімальную колькасць дадзеных па сустрэчах птушак, якіх навукоўцы і бёдуотчары бачылі і зрабіць камбінацыю з іх спісаў за рознф час для ўсёй краіны. У рэшце рэшт Індыя – трэцяя па колькасці загружаных у Сеціва спісаў птушак, адзначаных бёдуотчарамі як пад час  экскурсій па краіне, так і пасля адмысловых экспедыцый. Аднак гэта простая справа толькі на першы погляд. Насамрэч падобная праца патрабуе праверкі і пераправеркі з адпаведнай інтэрпрэтацыяй усіх магчымых назіранняў.

“Каб уключыць нейкі від, усе /магчымыя/ рэгістрацыі правяраліся на дакладнасць і сапраўднасць. Аўтары назіранняў прасіліся даслаць адпаведныя доказы” – сказаў Pittie, адзін са складальнікаў Спіса пушак Індыі. Аднак не менш, ці нават больш працаёмкімі былі рашэнні па выключэнні нейкіх відаў са Спісу: такіх відаў з недастаткова даказанымі рэгістрацыямі набралося нават 60!

Каб працэс пацверджання рэгістрацый рэдкіх ці залётных відаў праходзіў больш эфектыўна, складальнікі новага Спісу пачалі рэгулярна нагадваць пра неабходнасць публікацый пра рэдкія назіранні. “Мы пачалі рэкламаваць спецыяльную рубрыку ў часопісе Indian Birds, прысвечаную дзеячу аховы прыроды Zafar Futehally пад назвай “Запісы аб рэдкіх птушках Індыі” (‘Notes on Indian Rarities’). Гэта дапамагло адсочваць звесткі пра назіранні рэдкасцяў, якія з’явіліся як у рэнаманаваных навуковых часопісах, так і ў газэтах, на сайтах, у дыскусійных групах, музейных каталогах ці часам нават у прыватнай перапісцы” – сказаў Praveen. “Мы падтрымлівалі інтэнсіўныя кантакты з вялікай колькасцю людзей як у Індыі, так і за межамі краіны каб атрымаць магчымасць ацаніць больш дэталёвую інфармацыю для многіх назіранняў і потым зацвердзіць яе ці не.”

Спіс адносіцца не толькі да тэрыторыі Індыі, але таксама да яе прылеглай марской тэрыторыі, якая ўваходзіць у выключную эканамічную зону краіны і мяжа якой праходзіць на адлегласці да 370,4 км ад берагоў. Таму хаця некаторыя марскія віды ніколі не адзначаліся з узбярэжжаў, але былі адзначаныя ў адкрытым моры і ўключаныя ў Спіс.

“Найбольш нечаканымі для многіх можа стаць выключэнне некаторых відаў са Спісу, якія лічыліся “нашымі”. Напрыклад, плямісты кулік-селянец Nordmann’s greenshank (Tringa guttifer), светлагаловая пячураўка eastern crowned leaf warbler (Phylloscopus coronatus) і стракаты дрозд White’s thrush  (Zoothera dauma), - некаторыя індыйскія бёдуотчары лічылі, што ў нас яны рэгулярна рэгіструюцца. Але мы не знайшлі доказаў прысутнасці гэтых відаў у межах Індыі” – сказаў Jayapal.

індыйскі сіваграк

Індыйскі сіваграк (Coracias behghalensis) - aдна з самых яркіх і прыгожых мясцовых птушак. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

Найбольшая каштоўнасць і найбольшыя страты

У апошнія дзесяцігоддзі птушкі прызнаныя эфектыўнымі біяіндыкатарамі стану прыродных і трасфармаваных чалавекам экасістэм. Яны мабільныя, яркія, шматлікія і параўнальна добра вывучаныя істоты, таму на аснове навуковых ведаў пра змены іх колькасці, поспеху гнездавання, пралётных шляхоў ці мест зімоўкі можна будаваць стратэгіі аховы прыроды для месцаў рознага маштабу ці ўносіць карэктывы ў выкарыстанне мясцовасці. Аднак для параўнання патрэбна мець кропкі адліку, адной з якіх і стане Спіс.

Сярод 1263 відаў птушак, адзначаных у краіне, найбольш каштоўнымі ёсць віды-эндэмікі, якія не сустракаюцца больш нідзе па-за Індыяй. Такіх відаў ажно 61. Сярод іх апісаная ў 1998 годзе нікабарская соўка-сплюшка Nicobar scops owl (Otus alius), бугунская ліяцыхла  Bugun liocichla (Liocichla bugunorum) і апісаны толькі сёлета гімалайскі лясны дрозд.

На жаль, некаторыя з відаў-эндэмікаў ствараюць падвойны выклік для іх захавання: яны сустракаюцца толькі ў Індыі і займаюць спецыфічныя біятопы, якія працягваюць знікаць. Напрыклад, наркадамская птушка-насарог Narcondam hornbill (Rhyticeros narcondami) жыве толькі на аддаленым аднайменным вулканічным востраве Narcondam у Андаманскім моры. Востраў вельмі маленькі – мае плошчу ўсяго 7 кв км, і пабудова тут вайсковай радарнай станцыі змяншае і без таго невялікую плошчу іх месцапражывання.

Самае смутнае ў Спісе – віды, якія ўключаны ў Спіс таму, што сустракаліся раней, але цяпер іх існаванне пад вялікім пытаннем. Адзін з такіх прыкладаў – бягунок Джэрдана Jerdon’s courser (Cursorius bitorquatus), які апошні раз быў адзначаны ў хмызняковых лясах штату Andhra Pradesh у 2009 годзе і пасля гэтага, негледзячы на інтэнсіўныя пошукі, ўнікальнага кулічка ніхто не бачыў.

“Адным са спрэчных пытанняў застаецца чаму віды-эндэмікі не лічацца нацыянальнай каштоўнасцю і не атрымліваюць неабходнай падтрымкі ў ахове? Кожны такі від унікальны як Тадж Махал, аднак больш пагражаемы. Таму што яны часта з’яўляюцца сапраўдным скарбам толькі для невялікай групы людзей, тады як пра каштоўнасць і ўнікальнасць  Тадж Махала ведаюць практычна ўсе”.

Акрамя адказнасці за захаванне эндэмікаў, Індыя мае некалькі шырокапрадстаўленых на сваёй тэрыторыі і акваторыі сямействаў. Самае вялікае па колькасці прадстаўнікоў – Валасяніцавыя (Muscicapidae) - 97 відаў. Наступнымі ідуць Шуляковыя (Accipitridae: 57 відаў) і Баблеравыя (Leiothrichidae: 53 віды). Іншыя значныя паводле відавой разнастайнасці сямействы гэта Качыныя (Anatidae); Бажанавыя (Phasianidae); Слонкавыя (Scolopacidae), Чайкавыя (Laridae), Жоўнавыя (Picidae); В’юрковыя (Fringillidae) і Пячураўкавыя (Phylloscopidae). Кожнае з іх прадстаўлена ў Індыі больш, чым 30 відамі.

Варта нагадаць і тройку лідараў у разнастайнасці відаў птушак. Гэта Калумбія (1903 віды), Перу (1838) і Бразілія (1798 адзначаных відаў).

Citation: Praveen J., Jayapal, R., & Pittie, A., 2016. A checklist of the birds of India. Indian BIRDS 11 (5&6): 113–172A.

 

Паводле www.thewire.in падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім здымку вокладка часопіса Indian BIRDS са Спісам птушак Індыі

 

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Калумбія ізноў першая ў разнастайнасці птушак

Брытанскі Спіс птушак дасягнуў 600 відаў!

Спіс птушак Нідэрландаў дасягнуў 500 відаў

У Спісе птушак Польшчы па-ранейшаму 450 відаў 

Новы рэкорд Вялікага дня (Big Day) ўсталяваны ў Эквадоры, у Коста Рыцы атрымалася толькі абнавіць трэці вынік

БОФК: В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ СТАЛО 325 ВИДОВ - ДОБАВИЛИСЬ 4 И ИСКЛЮЧЕНЫ 2

ПОТЕНЦИАЛЬНЫЕ НОВЫЕ ВИДЫ ПТИЦ ДЛЯ БЕЛАРУСИ: КТО ОНИ?

ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ ПТИЦ, ОТМЕЧЕННЫХ В БЕЛАРУСИ В 2015 ГОДУ