Якія птушаняты рачной крычкі маюць найбольшыя шанцы дарасці да вылета?

рачныя крычкі

У птушак выжывальнасць птушанят да вылету з гнязда з’яўляецца агульнапрынятым паказчыкам поспеху размнажэння і цяжкасці выжывання птушанят могуць прадказаць іх будучыню на наступных этапах жыцця.

Каманда амерыканскіх навукоўцаў вызначала гэты паказчык у птушанят рачной крычкі (Sterna hirundo) на працягу 32 гнездавых сезонаў (у 1989-2022 гг.) на той самай гнездавой калоніі. Усяго атрымалася прасачыць лёс 4647 птушанят да вылета з гнязда. Каб птушаняты не разбягаліся з гнёздаў, тыя былі абгарожаны.

Сярэдні поспех размнажэння аказаўся ніжэйшым у параўнанні з іншымі калоніямі ў Паўночнай Амерыцы і галоўнай прычынай гібелі птушанят быў голад. Імавернасць выжыць і выляцець з гнязда моцна карэлявала з датай і парадкам вылуплення. Найбольшай яна аказалася ў самых ранніх птушанят і моцна змяншалася найбольш позніх. Унутры вывадкаў, самыя старшыя (першыя) птушаняты мелі імавернасць выжывання больш чым удвая большую ў параўнанні з сіблінгамі, якія вылупіліся другімі і больш, чым 11 разоў чым тыя, што вылупіліся трэцімі.

 У меншай ступені выжывальнасць залежала ад памеру вывадка і была большай у большых вывадках у добрыя на здабычу гады і меншай у ‘вялікіх’ вывадках у кепскія гады. Гэта кажа пра тое, што даследаванні выжывальнасці птушанят мусяць улічваць даты іх вылуплення, што, у сваю чаргу, можа быць паказчыкам якасці бацькоў. Выжывальнасць другіх па чарзе вылуплення птушанят у вывадках была найбольш варыябельнай і гэты параметр можа служыць адзіным індэксам оспеху размнажэння віду. Прадуктыўнасць жа ўсёй калоніі карэлявала з сярэднім памерам кладкі раней у сезоне.

Крыніца: Stephen A. Oswald, Jennifer M. Arnold, Carolyn S. Mostello & Ian C.T. Nisbet 2026 Determinants of Survival for Common Tern Chicks Sterna hirundo: The Importance of Hatch Order, Hatch Date and Other Factors across Three Decades, Ardea 113(2), 1-15, https://doi.org/10.5253/arde.2025.a3

Паводле https://bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Андрэя Прыгуна

 

На гэтую тэму:

Асаблівасці росту і развіцця птушанят белашчокай рыбачкі

Ежа ў абмен на абяцанне капуляцыі, або як самкі падманваюць чужых юрлівых самцоў

Розныя віды крычак па-рознаму рэагуюць на перадатчыкі

Самая доўгая міграцыя птушак цяпер апісана найбольш дэтальна