Фінская папуляцыя барадатай кугакаўкі паступова павялічваецца

барадатая кугакаўка

Дадзеныя ўлікаў барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa) у Фінляндыі паказалі паступовае павелічэнне памеру мясцовай папуляцыі віда ў апошнія гады. Гэта можа сведчыць пра тое, што кугакаўкі здольныя прыстасавацца да кліматычных зменаў і дае надзею на іх будучыню.

Доўгатэрміновы маніторынг віду, на аснове агульнанацыянальных ўлікаў і ацэнак, прадэманстраваў павелічэнне колькасці барадатай кугакаўкі на 8-9% за апошнія гады. Акрамя гэтага, адбылося пераразмеркаванне распаўсюджання віда: змяншэнне шчыльнасці кугакавак у цэнтральнай частцы краіны, якое кампенсавалася яе павелічэннем на поўначы Фінляндыі, агульны ж трэнд пазітыўны.

Звычайна від выбірае для жыцця вялікія па плошчы барэальныя лясы, дзе асноўным харчаваннем з’яўляюцца палёўкі. Памер папуляцыі абмяжоўваюць недахоп аптымальных месцаў гнездавання (совы самі не будуюць гнёзды і вымушаныя займаць або гнёзды іншых відаў адпаведнага памеру, або гнездавыя платформы, якія для іх прапануе чалавек) і цыклы колькасці асноўных ахвяраў.

Арнітолагі мяркуюць, што больш цёплыя і мяккія зімы могуць павялічваць выжывальнасць соваў і адпаведна павялічваць іх колькасць, а таксама карэктаваць іх размяшчэнне, хаця дакладныя фактары, якія ўздзейнічаюць на змены першага і другога застаюцца невядомымі. У іншых паўночна-еўрапейскіх краінах адзначаны змены распаўсюджання віду далей на поўдзень і захад у параўнанні з мінулымі дзесяцігоддзямі.

Негледзячы на апошні пазітыўны трэнд, фінскія арнітолагі нагадваюць, што барадатыя кугакаўкі залежаць ад старых лясоў і рэгулярнага доступу да адпаведнай здабычы. Таму больш шырокія змены лясных экасістэм з-за зменаў клімату і цыклы колькасці палёвак, якія становіцца цяжэй прадказаць, могуць значна змяніць апошнія трэнды колькасці соваў.

Крыніца: Heimo Mikkola et Alan Sieradzki (2025) The Heat is On: The Global Threat to Owls from Climate Change. Preprints. 22.10.2025 www.preprints.org

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Пекача

 

На гэтую тэму:

Барадатая кугакаўка ўпершыню загнездавала ў Польшчы

Вялікія лясныя пажары не перашкаджаюць барадатым кугакаўкам?

Гнездавыя скрыні дапамаглі павялічыць колькасць даўгахвостай кугакаўкі ў Нарвегіі