Вялікія лясныя пажары не перашкаджаюць барадатым кугакаўкам?

Пэўна з-за зменаў клімата ў заходняй частцы Паўночнай Амерыкі ў апошнія гады пажары ў спелых лясах адбываюцца часцей і больш працяглыя па часе. Нядаўна апублікаванае шматгадовае даследаванне спрабавала разабрацца: як падобныя маштабныя пажары ўздзейнічаюць на папуляцыю барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa), якая ў Каліфорніі з’яўляецца відам, якому пагражае знікненне

Апошняя ацэнка для штата – гэта трошкі менш, чым 100 пар. У 2013-м годзе з-за вялікага і працяглага пажару, які нават атрымаў спецыяльную назву - Rim Fire, стары лес згарэў на плошчы ў 104 тысячы акраў у Yosemite National Park і Stanislaus National Forest, і такім чынам гэта стала самым маштабным вядомым пажарам для рэгіёну Sierra Nevada. Агонь закрануў між іншым 23 вялікія паляны з лугавой расліннасцю, якія былі вядомыя з гнездавання побач і паляванняў на іх барадатых кугакавак за дзесяцігоддзе перад тым. Атрымалася, што пажар захапіў прыкладна кожную чацвёртую гнездавую тэрыторыю віда ў Каліфорніі.

Група даследчыкаў прааналізавала дадзеныя па сустрэчах барадатай кугакаўкі за 13 гадоў: з 2004 па 2016 агулам са 144 палян з лугамі ў цэнтральнай частцы Sierra Nevada, як размешчаных па-за перыметрам пажара Rim Fire, так і ўнутры тых месцаў, дзе выгарэў лес ў Yosemite National Park і Stanislaus National Forest.

За тры гады, якія мінулі пасля пажару, барадатыя кугакаўкі былі адзначаныя на 21 з 23 палян, на якіх іх бачылі і на працягу дэкады да пажара. Таму, хаця навукоўцы і чакалі значнага змяншэння колькасці соваў пасля пажару, прыйшлося прызнаць, што гэтага не адбылося! Як мінімум на працягу трох гадоў пасля Rim Fire, барадатыя кугакаўкі ніяк заўважна не адрэагавалі на яго змяншэннем колькасці.  

Магчымыя негатыўныя наступствы знішчэння агнём старых дрэваў з гнёздамі кугакавак напэўна былі кампенсаваныя з’яўленнем іншых месцаў гнездавання - дзякуючы пажару. Вельмі магчыма, што пажар як мінімум на бліжэйшую будучыню толькі павялічыў колькасць паваленых і мёртвых старых дрэваў з полу-дупламі або абламанымі вяршалінамі, на якіх змогуць гнездаваць совы. Іншы магчымы пазітыўны для кугакавак аспект – павелічэнне плошчы адкрытых прастораў і папуляцый грызуноў на іх – асноўнай здабычы соваў.

Некаторыя навукоўцы думалі, што без санітарных рубак і падобных мерапрыемстваў па змяншэнні магчымасці лясных пажараў, захаванне відаў, жыццё якіх звязана з лясамі, немагчыма. Аднак атрыманыя цяпер дадзеныя кажуць пра тое, што як мінімум да барадатай кугакаўкі гэта не адносіцца і рэсурсы для захавання гэтага віду можна накіраваць на іншыя мерапрыемствы замест “ачысткі лясоў”.

Крыніца:

Rodney B Siegel et al. Short-term resilience of Great Gray Owls to a megafire in California, USAThe Condor: Ornithological Applications, 2019 DOI: 10.1093/auk/duy019

 

Паводле www.sciencedaily.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак барадатай кугакаўкі – Аляксандра Пекача

 

 

На гэтую тэму:

Драпежныя птушкі могуць пераносіць агонь, каб ім выпалохваць сабе здабычу!

Барадатая кугакаўка ўпершыню загнездавала ў Польшчы

Барадатая кугакаўка бароніць птушанят / Great Grey Owl defending nestlings - VIDEO

Пра птушку, якая нiкога не баiцца

Простыя складаныя ўзаемасувязі: совы і палёўкі

Інбрыдынг пагражае амерыканскім совам паступовым знікненнем