Інбрыдынг пагражае амерыканскім совам паступовым знікненнем

Новае даследаванне паказала, што адзін з падвідаў амерыканскай плямістай кугакаўкі можа паступова знікнуць з-за інбрыдынгу (скрыжоўвання паміж крэўнымі ў рознай ступені птушкамі), які па-рознаму, але закрануў ужо ўсе папуляцыі. 


Каб "убачыць" гэтую праблему, амерыканскія навукоўцы адлавілі на працягу больш 30 гадоў амаль 14200  плямістых кугакавак паўночнага падвіду  (Strix occidentalis caurina).


Усяго для Паўночнай Амерыкі вылучаюць тры падвіды плямістай кугакаўкі і паўночны падвід распаўсюджаны ад Паўднёвай Канады да Паўночнай Каліфорніі. На гэтай вялізарнай тэрыторыі навукоўцы налічылі менш, чым 100 пар у Брытанскай Калумбіі (Канада), каля 1200 пар у Арэгоне, 450 пар у Паўночнай Каліфорніі і пр. 500 пар у штаце Уашынгтон. Апошні штат страціў больш за 90% стараўзроставага лесу і гэта за апошнія дзесяцігоддзі прывяло да змяншэння мясцовай папуляцыі соваў на 40-90%.


Як частка маштабнага даследавання, Марк Міллер (Mark Miller) з United States Geological Survey (USGS) і яго калегі з дапамогай статыстыкі і сабраных "у поле" генетычных дадзеных стварылі сямейнае дрэва для усіх плямістых кугакавак паўночнага падвіду ў ЗША.


Дзякуючы гэтаму атрымалася вызначыць як часта адбываецца інбрыдынг у прыродных папуляцых соваў. Усяго знайшлі 14 тыпаў паравання сярод у рознай ступені крэўных паміж сабой птушак, самымі блізкімі былі спарванні паміж сіблінгамі (братамі-сёстрамі) і стрыечнымі сіблінгамі. У птушак, якія насяляюць  Washington Cascades, доля інбрыдынгу была найбольшай - ажно 15% ад усіх птушак, найменшая - у Паўночнай Каліфорніі, дзе інбрыдынг быў адзначаны толькі сярод 2,7% соваў. 


Тлумачэнне атрыманых дадзеных хутчэй за ўсё залежыць ад хуткасці, з якой адбывалася змяншэнне канкрэтнай папуляцыі і як даўно яна праходзіла праз т.зв. рыльца бутэлькі (bottleneck). Неабходныя сур'ёзныя дзеянні па захаванні віда, бо яго асноўныя месцапражыванні - старыя лясы - працягваюць знікаць у хуткім тэмпе, у дадатак від аказаўся ў незавідным становішчы ў месцах, дзе гняздуюць паласатыя кугакаўкі - блізкі, але больш канкурэнтназдольны від. Цяпер жа павінны ўлічвацца і розныя фізічныя і фізіялагічныя праявы інбрыдынгу: дэфармацыя частак цела, няздольнасць да размнажэння ці зменшаная пладавітасць і нязначная працягласць жыцця патомкаў. Адной з магчымых і эфектыўных стратэгіяў па захаванні віду магло б стаць перадыслакацыя соваў паміж рознымі, значна  адасобленымі папуляцыямі, каб павялічыць іх генетычную разнастайнасць.  


Крыніца:
Miller, M P et al. 2018. Variation in inbreeding rates across the range of Northern Spotted Owls (Strix occidentalis caurina): Insights from over 30 years of monitoring data. The Auk 135(4):821-833. DOI: 10.1642/AUK-18-1.1


Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.dissolve.com


На гэтую тэму:

Дылема: Забіваць адных каб захаваць другіх?