Вельмі нечаканыя для птушак паводзіны былі апісаныя ў Аўстраліі - там некаторыя віды драпежных птушак спецыяльна распаўсюджваюць агонь у травяністых біятопах, каб пажар выпалохваў ім дробную здабычу.
Адстаўны пажарны Д’ік Эуссэн (Dick Eussen) ужо думаў, што пажар пераможаны, калі раптоўна ўбачыў агонь, які разгараўся ў новым месцы. Ён паспеў дабегчы і загасіць яго і тады паглядзеў у неба – над ім як раз метрах у 20 пралятаў каршун-свістун (Haliastur sphenurus) з палаючай галінкай у кіпцюрах! Праз нейкае імгненне птушка выпусціла галінку і тая запаліла сухую траву ў новым месцы.
Усяго ў гэты дзень ветэран загасіў 7 падобных міні-пажараў і ўсе яны, па яго словах, былі запалены драпежнымі птушкамі.
“Чорныя каршуны і бурыя сокалы прылятаюць на падобныя пажары, таму што перад сцяной агня уцякаюць яшчуркі, грызуны і разлятаюцца насякомыя і дробныя птушкі” – тлумачыць Боб Госфорд (Bob Gosford), адзін з сааўтараў публікацыі, прысвечанай зробленым птушкамі пажарам.
Шматлікія назіранні падобных паводзін драпежных птушак пад час пажараў добра вядомыя на чатырох кантынентах – яны не толькі карыстаюцца жывымі ахвярамі, якія стараюцца пазбегнуць агня, але і пасля пажару спажываюць абгарэлыя трупы.
Аднак упершыню ў навуковым часопісе апублікаваны артыкул, які апісвае нешта больш цікавае і ўнікальнае. А менавіта тое, што птушкі спецыяльна могуць ствараць пажары і распаўсюджваць агонь на параўнальна вялікія адлегласці! Калі апісаныя выпадкі сапраўды мелі месца, то птушкі аказваюцца падобнымі да чалавека, які часам выкарыстоўвае агонь як бронь і як прыладу. Госфорд, арнітолаг і этнолаг у адной асобе, які вывучае сувязі абарыгенаў і птушак апошнія некалькі гадоў, расказаў як узнікла ідэя пачаць збіраць гісторыі пра пажары, зробленыя птушкамі: “Мая цікаўнасць да гэтай тэмы ўзнікла пасля таго, як прачытаў пра гэта ў кнізе аўтара-абарыгена з Паўночных тэрыторый, апублікаванай у 1964 годзе.”
Разам з амерыканскім калегай, Госфард пачаў збіраць падобныя сведчанні он-лайн, а потым апытваў сведак непасрэдна. Аказалася, што такіе паводзіны драпежных птушак добра вядомыя мясцовым жыхарам і, асабліва, абарыгенам Паўночнай Аўстраліі. Такім чынам былі сабраныя звесткі ў 12 асобных плямёнаў ці груп абарыгенаў пра 3 віды драпежных птушак: чорнага каршуна (Milvus migrans), каршуна-свістуна і бурага сокала (Falco berigora).
Акрамя абарыгенаў, пра падобныя назіранні таксама распавялі мясцовыя фермеры.
Аднак не гледзячы на некалькі гадоў пошукаў гэтай інфармацыі, аўтары так і не змаглі знайсці фота- ці відэапацверджанняў. Але гэта ўжо задача для наступных даследаванняў.
Крыніца:
Mark Bonta, Robert Gosford, Dick Eussen, Nathan Ferguson, Erana Loveless, and Maxwell Witwer
Journal of Ethnobiology Dec 2017 : Vol. 37, Issue 4 Special Section: Birds II, pg(s) 700- 718 https://doi.org/10.2993/0278-0771-37.4.700
Паводле nationalpost.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Чорны каршун правярае пажар у бушы на Паўночных тэрыторыях, 2014, Аўстралія
На гэтую тэму:
Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!
Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі
Стратэгія размнажэння – першым кінуць сваё гняздо
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ