Шэрым кугакаўкам (Strix aluco) з асобных папуляцый у доўгатэрміновай перспектыве пагражае знікненне з-за зменаў у навакольным асяроддзі, якія згладжваюць цыклы колькасці іх найбольш папулярнай здабычы. Да такіх высноваў прыйшла каманда брытанскіх навукоўцаў, якая апублікавала вынікі шматгадовага даследавання ўзаемасувязяў “драпежнік-ахвяра-клімат” ў часопісе Global Change Biology.
На працягу 27 год збіраліся дадзеныя па папуляцыі шэрай кугакаўкі і яе паказчыках размнажэння ў лесе Kielder, графства Northumberland (Вялікабрытанія). Атрыманыя лічбы параўноўвалі са зменамі колькасці цёмных палёвак Microtus agrestis па ўсёй Еўропе, якая да апошняга часу моцна флуктуіравала з году ў год, а цяпер застаецца амаль нязменнай.
Палёўкі складаюць аснову харчавання шэрых кугакавак, у сярэднім займаюць 62% ў спектры іх здабычы. Яны так важны для соваў, што кугакаўкі могуць не прыступаць да гнездавання ў тыя сезоны, калі папуляцыі палёвак не маюць адпаведна высокай колькасці. Такім чынам, совы наўпрост залежаць ад цыклаў колькасці грызуноў: зусім не размнажаюцца ў горшыя гады і маюць больш патомкаў у лепшыя.
Да сярэдзіны 1990-х папуляцыя цёмных палёвак з лесу Kielder таксама мела значныя штогадовыя флуктуацыі колькасці, аднак пасля гэтага цыклы ўвесь час згладжваюцца. Зразумела, што гэта будзе ўздзейнічаць на тых драпежнікаў, якія харчуюцца палёўкамі. І праведзенае даследаванне першы доказ таго, што і як можа адбывацца. Яно нагадвае класічныя экалагічныя заканамернасці пра тое, што змены ў экасістэмах адбываюцца каскадна: спачатку адлюстроўваюцца на раслінаедных жывёлах, а потым на драпежніках, якія імі харчуюцца.
Каманда навукоўцаў адсочвала 4 дэмаграфічныя паказчыкі кугакавак і змены ў дынаміцы іх ахвяраў разам з асаблівасцямі зімаў, якія вызначаліся зімовым станам Паўночна-Атлантычных асцыляцый (North Atlantic Oscillation (wNAO)). Выжывальнасць птушак першага календарнага году жыцця і дарослых была пазітыўна звязана з восеньскай шчыльнасцю палёвак, а ўздзеянне на гэта wNAO не адчувалася. Імавернасць гнездавання і большай колькасці птушанят, якія выляцелі з гнязда, была больш высокай у гады з высокай шчыльнасцю палёвак вясной і негатыўным уздзеяннем wNAO (г.зн. больш халоднай і сухой зімой). Моцныя згладжванні цыклаў колькасці палёвак прывялі да іх вельмі малой шчыльнасці штовясну, што драстычна абмяжоўвае імавернасць гнездавання кугакавак.
Змяншэнне колькасці соваў адбываецца павольна і цяжка заўважнае, калі проста маніторыць колькасць дарослых птушак. Гэтак адбываецца таму, што дарослыя совы прылятаюць у Kielder з іншых месцаў, такім чынам маскуючы негатыўныя змены ў іх колькасці. Акрамя гэтага, кугакаўкі параўнальна доўгажывучыя птушкі, ў сярэднім яны жывуць па 8-10 год, а часам нават і да 20. Гэта таксама не дае адразу ўбачыць вялікія змены ў папуляцыі ў залежнасці ад зменаў у экасістэме. Аднак папуляцыйная мадэль, выкарыстаная навукоўцамі, паказвае, што будучыня кугакавак катастрафічна.
Прафесар Ксаўер Лэмбін (Professor Xavier Lambin) з універсітэту Эберд’іна, адзін з аўтараў даследавання, сказаў: "Папуляцыя соваў старэе, і да таго часу як цыклы колькасці палёвак змогуць узнавіцца, - а на гэта могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі, - драпежнікі вымруць. Для соваў стала нашмат цяжэй размнажацца. Для іх неабходны гады з пікам колькасці палёвак, якія дазваляюць выкарміць шмат патомкаў, якія потым змогуць падтрымаць сваю папуляцыю. Аднак такія гады ўжо больш не здараюцца”.
У сваіх папярэдніх даследаваннях прафесар знайшоў, што цыклы рэзкага змяншэння і павелічэння колькасці палёвак знікаюць па ўсёй Еўропе і за гэта, імаверна, адказваюць змены ў навакольным асяроддзі. Многія іншыя віды раслінаедных жывёл з высокай колькасцю чакае падобны лёс - напрыклад, колькасць некаторых раслінаедных насякомых флуктуіруе значна ў меншых маштабах, чым раней. Таму негатыўныя эфекты адчуюць многія драпежныя віды жывёл.
Так, палёўкі падставовая здабыча не толькі для соваў, але і для іншых драпежнікаў: лісаў, барсукоў, ласак і гарнастаяў, а таксама многіх драпежных птушак. Найбольш уразлівымі будуць тыя віды, поспех размнажэння якіх моцна залежаць ад даступнасці палёвак узімку і вясной.
Крыніца: Millon A, Petty SJ, Little B, Giminez O, Cornulier T & Lambin X. 2014. Dampening prey cycle overrides the impact of climate change on predator population dynamics: a long-term demographic study on tawny owls. Global Change Biology DOI: 10.1111/gcb.12546
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шэрых кугакавак Дзьмітрыя Вінчэўскага
На гэтую тэму:
ПТУШАНЯТЫ СІПУХІ ЗМАГАЮЦЦА ЗА ЕЖУ … ГОЛАСАМ!Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной
В МИНСКЕ УШАСТАЯ СОВА ЗАГНЕЗДИЛАСЬ ЗИМОЙАПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК – АМАНСКАЯ САВА
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ