Не ўсё і не заўсёды адбываецца ў жыцці птушак паводле іх чаканняў, але самыя экстрэмальныя выпадкі прыстасавання да нечаканых зменаў могуць здзівіць нават дасведчаных назіральнікаў. Гэтая гісторыя адбылася мінулым летам у Славакіі і яшчэ раз пацвердзіла рэпутацыю белых плісак (Motacilla alba) як адных з самых смелых птушак у выбары месца гнездавання.
Igor Urevc, кіроўца TIRa ў адной са славенскіх транспартных кампаній, заўважыў пад час сваіх стаянак на паркінгах, што яму штораз таварышыць невялікая чорна-белая птушачка. Яна не баялася ні гучнага шуму, ні руху вялікіх машын навокал. Заінтрыгаваны, пад час адпачынку на стаянцы ў сваёй фірме кіроўца вырашыў прасачыць за ёй у адзін з чэрвенскіх дзён 2025 году і са здзіўленнем убачыў, што яна залятае пад кабіну яго грузавіка некуды ў гідраўлічную сісітэму!
Пасля зняцця ахоўнага кажуха ў адпаведным месцы ён убачыў дзіўную карціну: невялікае гняздо з 4 птушанятамі, якім было каля тыдня. Штодзённыя вандроўкі яўна былі небяспечныя і для птушанят, і для іх бацькоў. Таму Urevc асцярожна дастаў і перамясціў гняздо з птушанятамі ў больш надзейнае і нерухомае месца. Дарослыя птушкі хутка знайшлі свой вывадак і працягвалі карміць яго і на новым месцы, у выніку пазней птушаняты паспяхова выляцелі.
Аднак самая інтрыгуючая частка гэтай гісторыі адбылася да таго, як гняздо ў грузавіку было знойдзена. Справа ў тым, што белыя пліскі звычайна інкубуюць сваю кладку ад 12 да 14 дзён і яйкі пасля яе пачатку не могуць заставацца без абагрэву даўжэй, чым на дзесяткі хвілін без шкоды для зародкаў. Аднак у гэты час TIR рэгулярна выкарыстоўваўся для паездак, якія часам працягваліся да 8 гадзін у дзень па ўсёй Славеніі - ад узбярэжжа Адрыятыкі і да Панонскіх раўнін і пабываў ва ўсіх галоўных гарадах краіны. На аснове маршрутаў сваіх паездак Urevc змог падлічыць колькі пліскі праехалі з ім пад час інкубацыі кладкі - атрымалася каля 2 тысяч км!
Белыя пліскі добра вядомыя самымі разнастайнымі і дзіўнымі месцамі гнездавання і лічацца адным з найбольш пластычных у гэтых адносінах відам вераб’іных у Еўропе. Цяпер да гэтых месцаў дадаўся і грузавік, які рэгулярна перамяшчаўся на сотні кіламетраў.
Паводле артыкула ў Svet ptic 4: 2025 (тэкст і здымак) праз www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Вялікая сініца збудавала гняздо вялізарных памераў
Насамрэч птушкі вучацца будаваць свае гнёзды
Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ