Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў правяла ў прыродзе шэраг эксперыментаў з рознымі відамі дзікіх птушак, якія жывуць у нашых гарадах у розных еўрапейскіх краінах. Некаторыя вынікі моцна здзівілі даследчыкаў: між іншым аказалася, што птушкі не толькі адрозніваюць жанчын ад мужчын (нават калі гэта візуальна няпроста), але яшчэ і больш асцярожныя ў адносінах да першых.
Серыю эксперыментаў праводзілі на працягу сезону гнездавання з красавіка да ліпеня 2023 г. у той самы час (з 6 да 10:00) у зялёных зонах 7 гарадоў у Францыі, Гішпаніі, Германіі, Чэхіі і Польшчы. У кожным з гарадоў дадзеныя збірала пара арнітолагаў, прычым абодва былі прыкладна аднолькавай вышыні і пад час эксперыментаў былі падобна апрануты ў адзенне белага, шэрага і чорнага колераў. Даследчыкі мералі ‘адлегласць ўзлёту’ (Flight Initiation Distance, FID), г.зн. з якой адлегласці птушкі вырашаюць адляцець або адбегчы ад патэнцыйнай небяспекі – у выпадку даследавання такой, як чалавек. Большая велічыня FID выяўляе больш палахлівых і асцярожных птушак, тады як меншая звязана з больш адважнымі і менш асярожнымі асобінамі ці відамі.
Акрамя гэтага, калі гэта было магчыма, запісвалі колькасць птушак і іх пол. Каб пазбегнуць атрымання дадзеных ад тых самых асобін, штораз змянялі месца правядзення эксперыментаў і мералі адлегласць толькі да птушак, якія харчаваліся або адпачывалі. Усяго былі праведзены 3701 назіранне 77 відаў, але пасля выкрэслення тых з іх, што адзначаліся менш 10 разоў, засталося для аналізу 2581 назіранне 37 відаў. Часцей за ўсё атрымалася памераць адлегласць узлёту для чорных драздоў (Turdus merula), вялікіх галубоў (Columba palumbus), сарок (Pica pica), вялікіх сініц (Parus major) і дамовых вераб’ёў (Passer domesticus).
Кожны з 37 відаў меў розную сярэднюю адлегласць узлёту, але сярод найбольш палахлівых аказаліся зялёная жаўна (Picus viridis), звычайны шпак (Sturnus vulgaris) i сарока, а да найменш палахлівых даследчыкі аднеслі шызага голуба (C. livia), сініцу-апалоўніка (Aegithalos caudatus) i сініцу-маскоўку (Periparus ater).
Акрамя гэтага, самцы ў птушак аказаліся больш адважнымі за самак і адляталі з больш блізкай адлегласці, а вось ў параўнанні паміж тэрыторыямі з хмызняком і тэрыторыямі з дрэвамі птушкі менш баяліся людзей на першых. Аднак найбольш нечаканым вынікам была знойдзеная ва ўсіх 5 краінах заканамернасць таго, што птушкі адляталі ў сярэднім на 1 м раней калі да іх набліжаліся жанчыны ў параўнанні з тым, калі гэта рабілі мужчыны. Застаецца невядомым як яны правільна вызначалі пол чалавека нават калі мужчыны і жанчыны былі апрануты падобна і прычына такой большай асцярожнасці да жанчын.
Крыніца: Morelli, F. et al. 2026. Sex matters: European urban birds flee approaching women sooner than approaching men. People and Nature 8 (2): 316-326. https://doi.org/10.1002/pan3.70226
Паводле www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак сініцы-апалоўніка яго ж
На гэтую тэму:
Вялікія сініцы менш застрэсаваныя ў гарадзкіх папуляцыях у параўнанні з ляснымі
Асаблівасці харчавання вялікіх галубоў з гарадзкой папуляцыі Мадрыда
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак
Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ