Міжнародная каманда даследчыкаў вызначыла асноўную прычыну нізкай прадуктыўнасці вялікіх сініц (Parus major) у гарадах. Гэта значна меншая, чым у лясах, даступнасць для птушак насякомых. Хутчэй за ўсё, падобная прычына негатыўна ўздзейнічае на рэпрадуктыўны поспех і многіх іншых птушак нашых гарадоў.
Навукоўцы з універсітэтаў Pannonia (Венгрыя) і Sheffield (Вялікабрытанія), паказалі, што дадатковае харчаванне (у выглядзе лічынак мучных хрушчакоў) для гарадзкіх вялікіх сініц у перыяд іх размнажэння, значна павялічвае іх поспех.
"Птушаняты гарадзкіх птушак, бацькі якіх атрымлівалі дадатковае харчаванне пад час іх выкармлівання, набіралі перад вылетам з гнязда дадатковыя 2 грамы вагі – а гэта на 15% больш, чым важылі птушаняты без дадатковага харчавання жывёльнай ежай. Гэта значная розніца.” – сказаў Dr. Gábor Seress, галоўны сааўтар публікацыі па выніках даследавання. "Гэтая большая вага птушанят перад вылятам з гнязда значна павялічвае іх шанцы на выжыванне да наступнай вясны і на ўласнае размнажэнне.”
Падобнае ж дадатковае харчаванне, якое прапаноўвалі вялікім сініцам у лесе, не аказала ніякага ўплыву на вагу птушанят, таму што там і так хапае лёгкадаступнай жывёльнай ежы.
Для правядзення эксперыментаў з дадатковым харчаваннем, былі развешаныя сінічнікі ў парках і на старых могілках у горадзе Veszprém (Венгрыя) і ў шырокалісцевым лесе на адлегласці каля 3 км ад гэтага ж горада. І ў горадзе, і ў лесе у якасці кантрольнай групы частка сямей сініц не атрымлівала лічынак мучных хрушчакоў у якасці дадатковага харчавання для птушанят.
Дадатковае харчаванне прапаноўвалася птушкам каля сінічнікаў і фактычна магло забяспечыць ад 40 да 50% запатрабавання ў ежы птушанят штодзень пасля іх вылуплення. Калі птушаняты дасягалі 15-дзённага ўзросту (перад іх вылетам з гнязда), у сінічніках вызначалі узровень іх смяротнасці, а таксама ўзважвалі і рабілі стандартныя прамеры.
Каб убачыць, ці дарослыя птушкі сапраўды кормяць птушанят лічынкамі мучных хрушчакоў, у кожным з сінічнікаў, акрамя абраных за кантрольныя, працавалі міні-камеры.
Зменшаны поспех размнажэння ў гарадзкіх птушак – добра вядомая з’ява, аднак упершыню было паказана, што дадатковае харчаванне можа ліквідаваць розніцу паміж птушанятамі, якія вывяліся ў горадзкіх і прыродных умовах. Такім чынам, менавіта недахоп насякомых і іншых дробных безхрыбетных у гарадзкіх умовах ёсць крытычна важнай прычынай меншага поспеху размнажэння ў насякомаедных птушак, якія жывуць побач з намі.
Д-р Seress сказаў: "Калі мы бачым, якую папулярнасць мае круглагадзічнае дадатковае харчаванне, якое людзі прапануюць птушкам у гарадах, а таксама вялікую колькасць іншай ежы антрапагеннага паходжання, можа падацца, што праблем з ежай у гарадзкіх птушак няма. Але колькасць не значыць якасць. Большасці вераб’іных птушак патрэбны лёгка засваяльны птушанятамі жывёльны бялок, без якога іх развіццё і рост немагчымыя. Аднак менавіта насякомых і іншых дробных безхрыбетных значна менш у гарадах у параўнанні з прыроднымі біятопамі. Асабліва гэта тычыцца вусеняў, якія з’яўляюцца важнай і аптымальнай часткай дыеты многіх відаў.”
Таксама аўтары даследавання пішуць у публікацыі, што нават прапанова птушкам якаснага дадатковага харчавання з жывёльным бялком у гарадзкіх умовах не будзе найлепшым выйсцем з сытуацыі. “Замест таго, каб наўпрост забяспечваць птушак неабходнай іх птушанятам ежай, мы павінны больш рабіць для таго, каб больш насякомых з’явілася ў месцах, дзе гняздуюць птушкі – гэта будзе нашмат больш эфектыўнае выйсце. Зразумела, што насякомыя крытычна важныя для здаровага і комплексанага існавання экасістэм і мы павінны зрабіць так, каб іх стала нашмат больш у нашых гарадах” – сказаў д-р Seress.
Павелічэнне колькасці насякомых у нашых паселішчах – нялёгкая задача. Таму што ў многіх месцах стараюцца зрабіць максімум магчымага, каб зменшыць іх прысутнасць. Аднак неабходны новыя падыходы да кіравання зялёнымі зонамі ў гарадах, каб у іх было камфортна жыць і людзям, і птушкам.
Крыніца: Gábor Seress et al, Food availability limits avian reproduction in the city: An experimental study on great tits Parus major. Journal of Animal Ecology (2020). DOI: 10.1111/1365-2656.13211
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі яго ж
На гэтую тэму:
Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы
Як жыццё ў горадзе ўздзейнічае на мікрабіёту і выжыванне вераб’ёў
Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія
У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак
Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц
Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання
ЗНАЙШЛІ ПРЫЧЫНУ НЕЗВЫЧАЙНА МАШТАБНАГА ПАМОРУ СІНІХ СІНІЦ У ГЕРМАНІІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ