Як жыццё ў горадзе ўздзейнічае на мікрабіёту і выжыванне вераб’ёў

Міжнародная каманда даследчыкаў паказала на прыкладзе дамовых вераб’ёў (Passer domesticus), як моцна месцапражыванне птушак уздзейнічае на іх мікрабіёту, і, адпаведна, на жыццё. У даследаванні параўновывалі гарадзкіх і сельскіх птушак і іх ежу.

Навукоўцы з Бельгіі і Францыі (з універсітэтаў Гента, Антверпена і CNRS-Université Paul Sabatier-IRD) вырашылі праверыць наколькі будзе адрознівацца мікрабіёта кішэчніка ў вераб’ёў, якім прапаноўвывалі розную ежу на працягу 6 тыдняў у шасці розных месцах – па 3 у гарадах і ў сельскай мясцовасці ў паўднёва-заходняй Францыі. Пасля гэтага былі адлоўлены 114 птушак у гэтых месцах і з дапамогай спецыяльнай іглы былі ўзятыя для наступнага пасеву і параўнання ў лабараторных умовах невялікая колькасць мікраарганізмаў з іх кішэчнікаў.

Аказалася, што харчаванне прыроднай і блізкай да яе ежай павялічвае разнастайнасць мікрабіёты вераб’ёў. Ежа ж гарадзкіх птушак – хлеб і іншыя рэшткі ежы чалавека – моцна збядняе. Калі ж сельскім вераб’ям прапанавалі дыету гарадзкіх птушак, разнастайнасць іх мікраарганізмаў аказалася яшчэ меншай за гарадзкіх.  

Навукоўцы нагадваюць, што разнастайнасць мікрабіёты кішэчніка мае вялікае ўздзеянне на жыццё птушак. У тых, хто мае маларазнастайную мікрабіёту адзначана тэндэнцыя мець менш птушанят, да таго ж такія птушаняты маюць большы ўзровень смяротнасці. Менш разнастайныя мікраарганізмы ў кішэчніку не дазваляюць засвоіць многія харчовыя рэчывы нават з багатай у іх ежы. Таму нават пры яе даступнасці, птушкі з праблемнай разнастайнасцю мікрабіёты могуць паступова гінуць ад голаду.

 

Крыніца:

Aimeric Teyssier et al. Diet contributes to urban-induced alterations in gut microbiota: experimental evidence from a wild passerine,Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2020). DOI: 10.1098/rspb.2019.2182

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Як і калі дамовыя вераб’і сталі жыць побач з чалавекам

У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак

Наш шум сур’ёзна перашкаджае птушкам чуць адна адну

Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак

Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

У птушак-гараджан большы мозг