Негледзячы на тое, што від лічыцца здаўна адаптаваным да жыцця ў нашых паселішчах, колькасць дамовага вераб’я (Passer domesticus) скарачаецца ў многіх еўрапейскіх краінах, і, асабліва, у гарадах. У нядаўнім даследаванні, праведзеным у Гішпаніі, навукоўцам атрымалася звязаць павялічаны ўзровень стрэсу гарадзкіх вераб’ёў з таксічным эфектам забруджанага паветра і нездаровай дыетай птушак.
"Пры параўнанні птушак, якія жывуць у горадзе і ў сельскай мясцовасці аказалася, што ў гарадзкіх вераб’ёў стрэс значна большы. І мы звязалі гэтыя адрозненні з рознай якасцю паветра і даступнай для птушак ежай” – сказала Ампара Геррера-Дуэнас (Amparo Herrera-Dueñas) з факультэту заалогіі і фізічнай антрапалогіі ва ўніверсітэце Complutense (Мадрыд, Гішпанія).
"Гэтыя фактары асабліва важныя для птушак калі яны размнажаюцца і вымушаны не толькі адчуваць інтаксікацыю забруджанага гарадзкога паветра, але і адкладваць яйкі, на якія не хапае рэсурсаў арганізма з-за кепскай дыеты”.
Геррэра-Дуэнас з калегамі выкарыстоўвала неінвазійны метад для аналіза крыві сотняў вераб’ёў з сельскай, прыгараднай (suburban) і гарадзкой мясцовасцяў на Іберыйскім паўвостраве.
Кроў вераб’ёў правяралася на сляды аксідатыўнага стрэсу (oxidative stress), які можа служыць індыкатарам узроўню важных парушэнняў у навакольным асяроддзі – такіх, як забруджанае паветра, што ў выніку змяншае адпорнасць птушак на хваробы.
"Забруджанае паветра і недастаткова здаровая ежа могуць прычыніцца да фармавання ў клетках птушак свабодных радыкалаў. Гэтыя малекулы пастаянна з’яўляюцца і ў здаровым арганізме, і нашы клеткі маюць механізм іх нейтралізацыі. Аднак калі канцэнтрацыя свабодных радыкалаў павялічваецца па знешніх прычынах, анціаксідантныя механізмы не спраўляюцца з імі і мы можам адзначыць аксідатыўны стрэс, які прыводзіць да хутчэйшага старэння клетак і разнастаных хваробаў” – сказала даследчыца.
У наступным даследаванні плануецца праверыць як выжываюць у горадзе са стрэсам птушаняты і як гэта потым уздзейнічае на іх дарослае жыццё.
Крыніца:
Amparo Herrera-Dueñas et al (2017), The Influence of Urban Environments on Oxidative Stress Balance: A Case Study on the House Sparrow in the Iberian Peninsula, Frontiers in Ecology and Evolution. DOI: 10.3389/fevo.2017.00106
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак- Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў
Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ