Наш шум сур’ёзна перашкаджае птушкам чуць адна адну

Раней неаднакротна ўжо былі паказаны адмоўныя бакі для птушак таго шумнага асяроддзя, якое мы ствараем вакол сябе сваёй дзейнасцю: яны вымушаныя спяваць гучней і ў іншы час, а таксама не заўсёды могуць голасам данесці важную інфармацыю сваім птушанятам. У нядаўнім даследаванні атрымалася пацвердзіць, што антрапагенны шум не толькі змяняе паводзіны птушак, але і перашкаджае правільна ўспрымаць важныя гукавыя сігналы паміж дарослымі птушкамі.

У гнездавы час даследчыкі з універсітэту Белфаста (Паўночная Ірландыя) прайгравалі запісы спеваў малінавак (Erithacus rubecula) на гнездавых тэрыторыях віду і адсочвалі паводзіны тэрытарыяльных самцоў.

Складанасць тэрытарыяльных песняў птушак залежыць ад агрэсіўнасці канкрэтнай асобіны і часта птушкі агрэсіўна рэагуюць на больш складаную песню чым на больш простую. Аднак калі шум не дае пачуць нюансы і “спрашчае” усе песні, адбываюцца непаразуменні і дадатковыя канфлікты.  

Гэрэт Арнот (Gareth Arnott), старэйшы выкладчык з Queen's University Belfast і адзін з аўтараў работы, сказаў: "Мы знайшлі, што структура песні птушак можа несці агрэсіўны падтэкст і дапамагае патэнцыйным канкурэнтам трымацца на бяспечнай адлегласці. Аднак антрапагенны шум не дае птушкам пачуць гэтую крытычна важную для іх інфармацыю і фактычна спрашчае песню. Гэта прыводзіць да таго, што часам самцы вымушаныя ўпорна змагаюцца за тэрыторыю з канкурэнтамі або наадварот, не заўважаюць іх”.

Зразумела, што гэтыя абставіны ўздзейнічаюць на шчыльнасць гняздуючай папуляцыі, размяшчэнне птушак і іншыя ўнутрывідавыя ўзаемаадносіны.

Крыніца:

Kareklas K, Wilson J, Kunc H P & Arnott A. 2019. Signal complexity communicates aggressive intent during contests, but the process is disrupted by noiseBiology Letters. Vol 5. Doi: https://doi.org/10.1098/rsbl.2018.0841

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак малінаўкі – Віталя Некрашэвіча

 

 

На гэтую тэму:

Людзі перашкаджаюць птушанятам чуць бацькоў

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

У ПТУШАК АПІСАНЫ РАЗНАСТАЙНЫЯ КРЫКІ ТРЫВОГІ

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

Шум дарог - не для птушак