Гарадзкое жыццё – цяжкае выпрабаванне для маладых птушак. Аднак калі яны дажывуць у горадзе хаця б да году, то яны менш успрыімлівыя да стрэсу – да такіх высноваў прыйшлі навукоўцы з універсітэту Лунда (Швецыя).
Жыццё ў значна змененым чалавекам гарадзкім асяроддзі адначасова можа ўяўляць як вялікія цяжкасці, так і вялікія магчымасці для дзікіх жывёл. Шведзкія даследчыкі правяралі і параўноўвалі ўзровень смяротнасці маладых і дарослых вялікіх сініц (Parus major) у горадзе Мальмё і на навакольных “сельскіх” тэрыторыях.
Тое, што атрымалася, здзівіла даследчыкаў: з аднаго боку смяротнасць маладых птушак была значна большай у горадзе., а з другога – калі сініцы дажывалі там да полавай спеласці (амаль праз год пасля нараджэння), узровень смяротнасці сярод дарослых птушак значна змяншаўся.
"Гэта магло б значыць, што разнастайныя стрэсавыя фактары гарадзкога асяроддзя не ўздзейнічаюць на дарослых птушак такім самым чынам, як на маладых” – сказаў Пабла Сальмон (Pablo Salmón), адзін з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання.
Часткова загадка розніцы ў смяротнасці паміж сініцамі з гораду і сельскай мясцовасці была разгадана. Навукоўцы параўналі даўжыню целамер – ахоўных структур кожнай храмасомы, якія укарачваюцца з кожным дзяленнем клеткі. Аказалася, што толькі маладыя сініцы з доўгімі целамерамі дажывалі да сваёй першай гадавіны ў горадзе. Гэта магло б значыць, што з самага пачатку толькі моцна адпорныя на стрэс птушкі могуць выжыць там. Была знойдзена пазітыўная карэляцыя паміж даўжынёй целамер і выжывальнасцю “сельскіх” сініц, але яна не была такой вялікай, як для гарадзкіх.
Далейшыя даследаванні патрэбныя, каб зразумець якія менавіта фактары асяроддзя так значна скарачаюць жыццё птушак і ў горадзе, і за яго межамі.
Крыніца:
Pablo Salmón, Johan F. Nilsson, Hannah Watson, Staffan Bensch, Caroline Isaksson (2017). Selective disappearance of great tits with short telomeres in urban areas. Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences; 284 (1862): 20171349 DOI: 10.1098/rspb.2017.1349
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак вялікай сініцы Сяргея Саковіча
На гэтую тэму:
Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак
Міграцыі ўкарачваюць жыццё птушак
Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў
”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных
Гарадзкое асвятленне паскарае пачатак размнажэння чорных драздоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ