Паводле нядаўняга даследавання, чорныя дразды (Turdus merula) жывуць даўжэй у гарадах, чым у лясах. Аднак параўнанне целамер – бялковых структур на канцах храмасом, якія сведчаць пра патэнцыйную працягласць жыцця, сведчыць пра адваротнае - што гарадзкія птушкі павінны жыць менш. Апошняя заканамернасць была ўжо паказана і на іншых відах птушак.
Чорныя дразды як тыповыя птушкі гарадоў не так даўно з’явіліся ў Беларусі. Але ў Заходняй Еўропе сінантрапізацыя “дабралася”да іх дзесяцігоддзі раней і і таму гэтых птушак зусім не цяжка сустрэць у гарадзкіх парках ці садах. Аднак тыя ж чорныя дразды жывуць і ў сваім сыходным месцапражыванні- змешаных лясах, таму “яны ідэальныя кандыдаты, каб праверыць эфекты гарадзкога жыцця на здароўе і працягласць жыцця” – сказаў Хуан Дыега Ібаньез-Аламо (Juan Diego Ibáñez-Álamo), аспірант універсітэту Гронінгена (Нідэрланды). Каб мець магчымасць параўнання вынікаў, дадзеныя збіраліся ў пяці гарадах: Гранада, Севілья, Мадрыд, Діжон і Турку. Навукоўцы рабілі аналізы крыві як гарадзкіх, так і лясных птушак.
"Існуе параўнальна шмат індыкатараў здароўя дзікіх жывёл – напрыклад, колькасць паразітаў ці стан імуннай сістэмы, аднак яны могуць значна змяняцца з часам” – кажа Ібаньез-Аламо. Таму ўніверсальным паказчыкам здароўя і патэнцыйнай працягласці жыцця прынята лічыць даўжыню целамераў – яны укарачваюцца пасля кожнага дзялення клеткі і таму могуць служыць для непасрэднага параўнання паміж рознымі птушкамі.
Зразумела, што целамеры укарачваюцца і калі арганізм знаходзіцца пад уздзеяннем стрэсу. Таму іх параўнанне таксама можа паказаць яго ўзровень у розных месцапражываннях. З-за таго, што птушак адлаўлівалі, каб узяць кроў, іх таксама можна было вызначаць як дарослых ці маладых паводле асаблівасцяў апярэння і ацаніць прапорцыі маладых і дарослых птушак у кожным з пяці гарадоў.
Аказалася, што целамеры птушак першага году жыцця з гарадоў былі заўважна карацейшымі, чым іх аднагодак з навакольных лясоў. Розніца была нават большай паміж старэйшымі птушкамі. Птушкі з лясоў лавіліся на адлегласці прыкладна 30 км ад гарадоў. І хаця дразды могуць лёгка праляцець гэтую адлегласць менш, чым за гадзіну, звычайная адлегласць дысперсіі віда ў добрых месцапражываннях не перавышае 3 км, таму можна лічыць гарадзкія і лясныя папуляцыі, якія параўноўвываліся, ізаляванымі адна ад адной.
Такім чынам, гарадзкія птушкі паказалі заўчаснае старэнне ў параўнанні з ляснымі. Аднак насуперак гэтаму, доля птушак, старэйшых за 1 год, была большай у гарадах! Па словах Ібаньез-Аламо, гэта “можа азначаць, што агульная смяротнасць меншая як раз у гарадзкіх птушак. І гэтак адбываецца таму, што перавагі жыцця ў горадзе большыя, чым негатыўныя эфекты”. У чым дакладна справа, яшчэ незразумела, магчыма ў тым, што ў гарадах менш драпежнікаў ці больш ежы.
Крыніца:
Juan Diego Ibáñez-Álamo, Javier Pineda-Pampliega, Robert L. Thomson, José I. Aguirre, Alazne Díez-Fernández, Bruno Faivre, Jordi Figuerola, Simon Verhulst 2018 Urban blackbirds have shorter telomeres. Biology Letters 14 (3): Published 21 March 2018. DOI: 10.1098/rsbl.2018.0083
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца чорнага дразда- Валерыя Кавалёнка
На гэтую тэму:
Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія
Гарадзкія шулякі-карагольчыкі больш паспяховыя
”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных
Сокалы-падарожнікі падаўжаюць час палявання дзякуючы гарадзкому асвятленню
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ