Новае даследаванне паказала, што гарадзкія вялікія сініцы (Parus major) адчуваюць меншы стрэс і дэманструюць меншы ўзровень адпаведных гармонаў, чым іх таваркі з лясных біятопаў.
Некаторыя віды жывёл, у тым ліку і птушкі, выдатна прыстасоўваюцца да жыцця побач з чалавекам ці ў месцах, якія былі моцна змененыя людзьмі. Вялікая сініца як раз адзін з такіх відаў і даследчыкі з універсітэту Лунда (Швецыя) знайшлі, што тыя асобіны, якія жывуць у гарадзкім асяроддзі, адчуваюць менш стрэс, чым ў лясным, больш прыродным.
Найбольш распаўсюджаны гармон стрэсу ў птушак - гэта кортыкастэрон (corticosterone). Даследчыкі параўналі яго ўзроўні ў вялікіх сініц з розных біятопаў (паркаў і садоў) у горадзе і з лясных біятопаў. Аднак замест замераў канцэнтрацыі кортыкастэрону ў крыві птушак, яны вызначалі яго ў рулявых пёрах. Для гэтага такое пер’е збіралася на працягу двух сезонаў ад агулам 188 сініц.
"Пер’е хваста мяняецца і расце на прыканцы лета - на пачатку восені на працягу 2-3 тыдняў, таму яно выдатна пасуе для дэманстрацыі сярэдняга ўзроўню кортыкастэрону ў крыві птушак за гэты час. Як раз да пачатку восені вакол найлепшых месцаў харчавання ў сініц утвараюцца зімовыя чародкі і высокі ранг у гэтых групах можа быць важны для выжывання пад час зімы. Гэта прыводзіць да шматлікіх cутычак, пад час якіх розныя сініцы стараюцца заняць адпаведнае месца ў іерархіі сваёй групы” – сказаў Watson, другі сааўтар артыкула.
Канцэнтрацыя ўзроўню глюкакартэкоідаў (glucocorticoids (GCs)) у сувязі з урбанізацыяй дзікіх жывёл, тым не менш, не дае адназначных вынікаў. Магчыма гэтак адбываецца таму, што ў большасці выпадкаў даследчыкі мераюць канцэнтрацыю ‘гармона стрэсу’ у крыві, што дае дакладны зрэз фізіялагічнага стану асобіны ў момант атрымання пробы. Аднак з-за таго, што ў вельмі невялікай колькасці GCs разам з крывёй трапляе ў поўсць ці пер’е пад час іх росту, атрымліваецца магчымасць прасачыць ўзровень стрэсу жывёлы за перыяд іх росту. Гарадзкія вялікія сініцы паказалі пастаянна больш нізкія ўзроўні GCs, чым птушкі з лясоў навокал гораду.
"Высокія разумовыя здольнасці вялікіх сініц таксама азначаюць іх выдатную адаптыўнасць. І гарадзкія сініцы настолькі добра прыстасаваліся да свайго новага асяроддзя, што не адчуваюць стрэса нават ва ўмовах высокай папуляцыйнай шчыльнасці. Другое магчымае тлумачэнне можа заключацца ў тым, што менавіта найбольш разумныя і пластычныя ў паводзінах птушкі былі тымі, якія паспяхова каланізавалі гарадзкое асяроддзе” - сказаў Anders Brodin, арнітолаг з універсітэту Лунда і першы сааўтар артыкула па выніках даследавання.
Крыніца: Brodin, A, & Watson, H. 2023. Feather corticosterone reveals that urban great tits experience lower corticosterone exposure than forest individuals during dominance-rank establishment. Conservation Physiology. DOI: 10.1093/conphys/coad033
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Чарапіцы
На гэтую тэму:
Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы
Гарадзкія вялікія сініцы аказаліся лепш падрыхтаванымі да спякоты, чым птушкі з лесу
Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак
Дэталёвае вывучэнне жыццёвага цыклу сініц дало не зусім чаканыя вынікі
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ