Птушкі розныя патрэбны, птушкі розныя важны

Паводле новага даследавання нямецкіх арнітолагаў, больш смелыя (ці больш самаўпэўненыя?) вялікія сініцы (Parus major) пачынаюць адкладку яек раней за больш напалоханых драпежнікамі побач з абраным гняздом. Падобныя індывідуальныя адрозненні даюць магчымасць папуляцыі быць больш пластычнай да зменаў у наваколлі і, значыць, больш устойлівай.

Адной з важных пераменных для паспяховага гнездавання птушак ёсць параўнальна пластычны выбар пачатку адкладкі яек. Звычайна пасля паляпшэння надвор’я і пацяплення ужо гатовыя да размнажэння партнёры пачынаюць адкладку яек раней звычайнага. У больш халодныя вёсны адбываецца наадварот – птушкі пачынаюць гнездаваць пазней. Натуральны адбор падтрымлівае падобную пластычнасць. Як паказалі даследчыкі з універсітэту Мюнхена (Ludwig Maximilian University of Munich, LMU), не толькі надвор’е можа ўздзейнічаць на час пачатку гнездавання.

Адным з найбольш небяспечных драпежнікаў для вялікіх сініц у Еўропе ёсць шуляк-карагольчык (Accipiter nisus). Ёсць даследаванні, якія сцвярджаюць, што гэты невялікі драпежнік дапасоўвае тэрміны вылету сваіх птушанят да часу масавага вылету дробных вераб’іных птушак, перадусім сініц. Гэта дазваляе мець дастатковую колькасць лёгкадаступнай здабычы менавіта тады, калі яна найбольш патрэбная. Аднак вялікія сініцы таксама рэагуюць на прысутнасць шуляка-карагольчыка побач і як толькі ўбачаць палюючага драпежніка ці пачуюць яго крыкі, стараюцца менш спяваць і ўвогуле паводзіць сябе менш заўважна. "У нашай папярэдняй публікацыі мы паказалі, што не ўсе сініцы паводзяць сябе аднолькава” – сказаў Нільс Дынгеманс (Niels Dingemanse) з LMU.

Каб праверыць, наколькі ўскоснае ўздзеянне каргольчыкаў можа змяняць час пачатку адкладкі яек на ўзроўні папуляцый вялікіх сініц, арнітолагі з красавіка па чэрвень рэгулярна прайгравалі запіс крыкаў шуляка-карагольчыка ці песню чорнага дразда ў 12 папуляцыях сініц.

Адпаведна атрыманым назіранням, больш смелыя птушкі пачыналі гнездаваць раней звычайнага калі рэгулярна чулі на сваёй гнездавой тэрыторыі крыкі крагольчыка, тады як менш упэўненыя ў сабе птушкі пачыналі адкладку яек пазней звычайнага. Аднак і першая, і другая група мелі аднолькавы поспех гнездавання. “Такім чынам, папуляцыі аказваюцца больш пластычнымі да зменаў у навакольным асроддзі дзякуючы таму, што яны складаюцца з розных паводзінамі птушак – нават такіх, як глабальнае пацяпленне” – падсумаваў Дынгеманс.

 

Крыніца:

 Adaptive individual variation in phenological responses to perceived predation levels. Nature Communications. DOI:doi.org/10.1038/s41467-019-09138-5

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Бойкія самцы птушак хутчэй знаходзяць сабе партнёрак і праводзяць з імі больш часу

Самцы сініц выбіраюць за суседзяў падобных сабе характарам

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

Вялікія сініцы выгадавалі птушанят сініх сініц як сваіх

Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых