Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых

Цікавая заканамернасць была знойдзена ў японскіх вялікіх сініц (Parus minor), якія лічацца сацыяльна манагамным відам: калі першае гнездаванне ў сезоне было непаспяховым, то самкі з такіх пар стараюцца знайсці дадатковых самцоў і капуліраваць таксама і з імі.

Яшчэ не так даўно агульнапрынятым быў погляд на сямейнае жыццё птушак, што прыкладна 90% відаў трымаюцца пад час размнажэння манагамных адносін – г.зн. маюць толькі аднаго партнёра. Аднак у 1990-я стала магчымым маштабна, на аснове аналізаў ДНК, вызначаць колькасць бацькоў у птушанят з аднаго вывадку. І аказалася, што ў больш чым 75% відаў, якія лічыліся выключна манагамнымі, самкі час ад часу спарваліся з больш, чым адным партнёрам і таму птушаняты ў адным вывадку мелі больш, чым аднаго бацьку. Гэты фенамен атрымаў тады і спецыяльную назву: “(дадатковае) бацькоўства па-за парай” - extra-pair paternity.

"За апошнія 30 гадоў, дзякуючы шматлікім даследаванням, знойдзены ўзровень бацькоўства па-за парай у многіх манагамных відаў стаў шокам. Тым не менш, да апошняга часу заставалася невядомым, наколькі пластычнымі могуць быць паводзіны індывідуальных самак у розных абставінах – галоўным чынам з-за таго, што гэта вельмі цяжка праверыць у папуляцыях дзікіх птушак” – сказаў Іцуро Каідзумі (Itsuro Koizumi), праф. універсітэту Хакайда (Японія).

Каб мець магчымасць праверыць розныя дапушчэнні, Каідзумі са сваімі студэнтамі спецыяльна змянялі ў некаторых сініц поспех гнездавання – эксперыменты ў прыроднай папуляцыі адбываліся ў Tomakomai Experimental Forest на поўначы Японіі.

У птушак з эксперыментальнай групы (гэта былі 11 пар), навукоўцы замянілі іх першыя ў сезоне кладкі штучнымі яйкамі і такім чынам сімуліравалі непаспяховаць вылуплення птушанят. Вынікі параўноўвалі з 18 іншымі парамі сініц, у сямейныя справы якіх не ўмешваліся (гэта была кантрольная група). Як і многія іншыя віды птушак, японскія вялікія сініцы вядомыя тым, што могуць адкладваць паўторную кладку ў замен страчанай па нейкіх прычынах, ці непаспяховай- як у дадзеным выпадку. Паўторная кладка ўжо не забіралася і птушаняты з яе паспяхова выляталі. Акрамя таго, птушкі гняздуюць паўторна ў той самы сезон - калі ўмовы гэта дазваляюць, што і зрабілі сініцы з кантрольнай групы. Ва ўсіх выпадках вызначаўся ўзровень бацькоўства па-за парай ва ўсіх птушанят.

Тэст на бацькоўства па мікрасатэлітарнай ДНК для 457 заплодненых яек ці птушанят з 58 вывадкаў паказаў, што 62 птушаняці (ці амаль 14% ад усіх) мелі іншага бацьку, чым іх сіблінгі з вывадку. Аказалася, што доля птушанят з бацькоўствам з па-за пары была аднолькавай у сініц з кантрольнай групы і ў першым, і ў другім вывадку. Тады як у сініц з эксперыментальнай групы гэты паказчык для паўторных кладак быў значна большы – ажно на 40% у параўнані з кантрольнай групай.

Паміж тым, як самкі разумелі непаспяховасць сваёй першай кладкі і адкладкай паўторнай, было толькі некалькі дзён. Таму самкі з эксперыментальнай групы павінны былі вельмі хутка шукаць блізкіх адносін з іншымі самцамі ў той час, калі яшчэ мелі партнёрамі першых самцоў.

“Падобныя абставіны нясуць самкам небяспеку за кароткі прамежак часу не знайсці новага партнёра на замену першаму. Вось чаму яны застаюцца з першым самцом, але змяняюць свае паводзіны на больш адкрытыя да іншых самцоў каб мець больш упэўненасці ў паспяховым гнездаванні” – сказаў д-р Тэру Юта (Dr. Teru Yuta) з Інстытуту арніталогіі Ямашына (Yamashina). “Прычына выбару самкамі спарвання з самцамі з па-за пары заўсёды азадачвала біхевіяральных эколагаў. Гэтая работа ўпершыню дэманструе пластычнасць індывідуальных самак у адносінах да гэтага і прапануе лагічнае тлумачэнне адной з магчымых прычын, пацвержанае эксперыментальна.”

 

Крыніца:

Teru Yuta et al. 2018 Simulated hatching failure predicts female plasticity in extra-pair behavior over successive broods, Behavioral Ecology (2018). DOI: 10.1093/beheco/ary124

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Kyoto University / Toshitaka Suzuki

 

 

На гэтую тэму:

Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця

БОЙКІЯ САМЦЫ ПТУШАК ХУТЧЭЙ ЗНАХОДЗЯЦЬ САБЕ ПАРТНЁРАК І ПРАВОДЗЯЦЬ З ІМІ БОЛЬШ ЧАСУ

Вялікія сініцы выгадавалі птушанят сініх сініц як сваіх

Ежа ў абмен на абяцанне капуляцыі, або як самкі падманваюць чужых юрлівых самцоў

Чаму ў старэйшых самцоў больш пазашлюбных патомкаў?

ХОЧАШ ЗАСТАЦЦА З ТЫМ САМЫМ ПАРТНЁРАМ? - НЕ СПАЗНЯЙСЯ НА МЕСЦА ГНЕЗДАВАННЯ

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці

Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак