Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак

Гарадзкія біятопы хутка разрастаюцца і павялічваюць свае плошчы, што прадстаўляе новыя магчымасці і выклікі для дзікіх жывёл. Выклікі ўяўляюць з сябе антрапагеннае забруджванне асяроддзя святлом, шумам і паветра з вадой, а таксама меншую даступнасць і колькасць ежы прыроднага паходжання. Новых магчымасцяў таксама шмат, ўключна з вялікай колькасцю ежы антрапагеннага паходжання, штучных гнёздаў і цяплейшага паветра, што дае магчымасць раней пачаць размнажэнне. Таму, ў залежнасці ад віду і кантэксту, урбанізацыя мае як адмоўныя, так і дадатнія эфекты на асобных жывёл. Таксама добра вядома, што ўмовы жыцця на першапачатковых стадыях развіцця могуць заставіць наступствы на ўсё жыццё. Аднак мала вядома пра першапачатковае развіццё і рост птушак ва ўрбанізаваных біятопах. Запоўніць гэты прабел у нашых ведах узялася каманда шведзкіх навукоўцаў з універсітэту Лунда на прыкладзе вялікіх сініц (Parus major).

Жыццё ў горадзе поўнае стрэсавых сытуацый, таму часта высокія ўзроўні розных гармонаў кепска ўздзейнічаюць на імунную сістэму гарадзкіх птушак. Аднак новае даследаванне ўпершыню знайшло, што як мінімум у птушанят урбанізаванае асяроддзе таксама значна прыспешвае працэс старэння. Каб знайсці гэта і паказаць, што гэта не генетычна абумоўлены гарадзкім жыццём фактар, даследчыкі замянілі птушанят вялікай сініцы, якія нарадзіліся ў гарадзкім асяроддзі на птушанят, якія з’явіліся на свет у прыродным і via versa.

Праз 15 дзён навукоўцы памералі даўжыню целамераў (telomeres) у кожнай з падрослых сініц перад самым вылетам іх з гнёздаў. Целамеры – гэта структуры на канцах кожнай храмасомы, якія дапамагаюць захоўваць іх ад пашкоджанняў. Шведзкія навукоўцы знайшлі, што ў птушанят, якія выраслі ў горадзе, целамеры ў сярэднім карацейшыя на 11% чым у птушанят, якія выраслі ў прыродных умовах у незалежнасці ад месца іх нараджэння. Звычайна лічыцца, што даўжыня целамераў адлюстроўвае старэнне на клеткавым узроўні, таму што яны штораз укарачваюцца пад час дзялення клеткі. Іх паступовае змяншэнне таксама адыгрывае ролю ў многіх хваробах, звязаных са старэннем - напрыклад, у дысфункцыі печані і сардэчна-сасудзістых захворваннях.

Аўтары пішуць, што большы ўзровень стрэсу ў гарадзкіх умовах можа прыводзіць да пашкоджання ДНК. І хаця яшчэ невядома, як шырока можа быць распаўсюджаны ў гарадзкіх жыхароў знойдзены фенамен, ён можа тычыцца і меншай працягласці жыцця ў гаражан-людзей.

 Крыніца:

P. Salmón, J. F. Nilsson, A. Nord, S. Bensch, C. Isaksson (2016) Urban environment shortens telomere length in nestling great tits, Parus major Biology letters Volume 12, issue 6 Published 14 June 2016.DOI: 10.1098/rsbl.2016.0155

 

Паводле www.sciencemag.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Чарапіцы

 

На гэтую тэму:

Людзі перашкаджаюць птушанятам чуць бацькоў

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных