Урбанізацыя і змены клімата – адны з самых значных і заўважных зменаў, якія адбываюцца з рэшткамі прыродных экасістэм па ўсяму Свету і непасрэдна звязаны з дзейнасцю чалавека. Экстрэмальныя праявы надвор’я ў апошнія дзесяцігоддзі адзначаюцца ўсё часцей і непазбежна ўздзеянічаюць на жывыя арганізмы. У гарадах нават вылучаюць т.зв. астраўкі спякоты (urban heat island), дзе тэмпература паветра павялічваецца часта і найбольш інтэнсіўна. Аднак уздзеянне гарадзкога мікраклімату на папуляцыі дзікіх жывёл малавывучанае і часам атрыманыя навукоўцамі вынікі здаюцца парадаксальнымі.
Каманда венгерскіх і шведзкіх даследчыкаў на працягу 6 палявых сезонаў (у 2013-18 гг) вывучала ўздзеянне спякотнага надвор’я на папуляцыі вялікіх сініц (Parus major) у падрыхтаваных для птушак сінічніках, у якіх таксама былі змешчаныя прылады для запісу тэмпературы. Дзве папуляцыі гнездавалі ў вянгерскіх гарадах, і яшчэ дзве – у бліжэйшых да іх лясах. За гэты час атрымалася сабраць дадзеныя пра лёс птушанят з 760 вывадкаў, для якіх правяралася колькасць птушанят, іх маса і даўжыня цэўкі перад іх вылетам з дуплянак ва ўзросце 14-16 дзён.
Аказалася, што птушаняты сініц з дуплянак у горадзе і з лесу мелі выразна розныя дзённыя тэмпературы пад час свайго росту і развіцця. Такім чынам, у гарадах колькасць спякотных дзён была ў сярэднім у 2,7 разы большай, чым у лясах навокал і высокія тэмпературы былі адзначаныя для сінічнікаў у розных месцах у гарадах 0–13 дзён (што ў выпадках з максімальнай іх колькасці займала нават 86,7% часу росту і развіцця птушанят у гняздзе). Тады як у лесе за гэты час былі адзначаныя толькі 0-5 спякотных дзён, што адпаведна ў максімальна працяглых выпадках склала толькі 35,7% часу знаходжання птушанят у гняздзе. Акрамя гэтага, адрозніваліся і максімальныя тэмпературы ў сінічніках у розным асяроддзі і для гораду гэта было ажно 40,1°C (06.2013) і адпаведна 33,6°C для дуплянак у лесе (05.2014). Сярэднія тэмпературы ў сінічніках у горадзе таксама былі значна вышэйшымі. Гэта ў рэшце рэшт прывяло да меншай колькасці, з меншымі памерамі і масай птушанят у сінічніках у гарадах у параўнанні з сінічнікамі, якія былі развешаны ў лясах побач.
Аднак, як гэта не дзіўна, эфект высокіх тэмператур на смяротнасць птушанят быў выразна іншы для розных месцапражыванняў сініц. І хаця ўзаемасувязь колькасці спякотных дзён з узроўнем смяротнасці птушанят была пазітыўнай для ўсіх папуляцый, яна аказалася самай высокай для адной з папуляцый у лесе і самай нізкай для адной з гарадзкіх. Гэта значыць, што смяротнасць птушанят значна больш павялічвалася пасля спякотных дзён у лесе, чым у горадзе.
Спякота можа ўздзейнічаць на поспех размнажэння птушак двума асноўнымі шляхамі: непасрэдна праз фізіялогію птушанят і больш ускосна праз даступнасць ежы. У першыя некалькі дзён свайго жыцця птушаняты няздольныя падтрымліваць пастаянную высокую тэмпературу свайго цела і іх метабалізм значна адрозніваецца ад дарослых птушак, таму яны значна больш няўстойлівыя да высокіх тэмператур навокал сябе. Птушаняты з цяжкасцю могуць змяншаць сваю тэмпературу больш хуткім метабалізмам для лепшага рассейвання цяпла і робяцца ахвярай гіпатэрміі. Павялічаны ўзровень метабалізму змяншае эфектыўнасць спажывання ежы і больш робіць хуткім выкарыстанне энергетычных рэзерваў, што можа прыводзіць да змяншэння масы цела.
Дадаткова пад час спякоты і цеплавога стрэсу дзякуючы выпарэнню вады арганізм спрабуе зменшыць тэмпературу цела і трымаць яе ў фізіялагічна прымальных межах – такім чынам адбываецца дэгідратацыя. Гэта, у сваю чаргу, таксама паскарае метабалізм і страты вады змяншаюць масу цела. І хаця бацькі некаторых відаў птушак могуць дапамагаць птушанятам з тэрмарэгуляцыяй пад час спякоты, сініцы невядомыя тым, каб маглі стварыць дадатковы цень у дуплянцы ці прынесці ў сінічнік ваду.
Гэтыя непасрэдныя фізіялагічныя наступствы спякоты могуць лягчэй пераносіцца жывёламі, якія жывуць у горадзе дзякуючы зменам у іх фізіялогіі і марфалогіі. Так, у сваёй іншай публікацыі (Sándor et al., 2021) даследчыкі з Венгрыі паказалі, што ў птушанят вялікіх сініц з гораду менш пер’я і голыя часткі цела маюць большую плошчу ў параўнанні з птушанятамі гэтага ж віду з лесу, што тэарэтычна дапамагае першым лягчэй рассейваць цяпло.
Меншы памер цела таксама дапамагае лягчэй спраўляцца са спякотай, таму што згодна з правілам Бергмана (Bergmann, 1847) у такіх жывёл большая паверхня цела і, адпаведна, магчымыя большыя страты цяпла і выпарэнне вады праз яе. Гэтая залежнасць была раней прадэманстраваная для некалькіх відаў безхрыбетных, а для птушак вядомая толькі на прыкладзе асобін рознага памеру белабровага хмызняковага крапіўніка (Sericornis frontalis), для якога меншыя птушкі лягчэй выжывалі ў спякотным і сухім асяроддзі. Акрамя таго, на прыкладзе некалькіх відаў птушак было паказана, што гарадзкія прадстаўнікі таго ж віда звычайна маюць меншыя памеры цела ў параўнанні з асобінамі з ‘ прыродных’ папуляцый. І такую ж залежнасць знайшлі арнітолагі для вялікіх сініц з гарадзкіх і лясных месцапражыванняў (Seress et al., 2018).
Хаця эксперыменты паказалі, што галоўнай прычынай меншага памеру цела птушанят з гарадзкога асяроддзя ў вялікіх сініц з’яўляецца меншая даступнаць ежы для іх бацькоў, аднак адбор на лепшую выжывальнасць пад час спякотных дзён таксама мог прычыніцца да гэтага. Акрамя гэтага, вядома на прыкладзе розных відаў птушак, што гарадзкія пары звычайна ў сярэднім маюць меншыя кладкі, чым ‘лясныя’ (Chamberlain et al., 2009), што таксама было паказана для вялікіх сініц з папуляцый, якія вывучаліся ў гэтай рабоце ў Венгрыі (Seress et al., 2018, 2021). Меншы памер кладкі, і, адпаведна, меншы памер вывадка могуць дапамагчы лягчэй трымаць патрэбную тэмпературу цела ў дуплянцы, чым вывадак большага памеру.
Ускосныя эфекты таксама могуць у выніку прывесці да меншай масы цела і павялічанай смяротнасці ў ‘адказ’ на спякоту. Так, гарачыня і суша могуць значна абмяжоўвываць даступнасць дарослых птушак, і адпаведна, іх птушанят, да насякомых і іх лічынак. Вусені з’яўляюцца асноўнай ежай птушанят многіх відаў насякомаедных птушак, у тым ліку і вялікіх сініц. А гарачыня паскарае метамарфоз вусеняў многіх відаў матылёў і, такім чынам, вусені могуць стаць даступнымі ў якасці здабычы менш працяглы час. Аднак калі аптымальная для росту вусеняў тэмпература паветра працягвае павялічвацца, гэта хутка прыводзіць да рэзкага прыпынення іх развіцця і павелічэння смяротнасці. Змяншэнне долі вусеняў у дыеце птушанят прыводзіць таксама да недахопу вады, таму што вусені – асноўная яе крыніца для іх у гэты час. І ў лясным асяроддзі бацькам можа быць цяжэй знайсці іншую крыніцу прыдатнай для птушанят ежы, чым у горадзе.
Дакладныя ж прычыны атрыманых вынікаў застаюцца незразумелымі. "Нашы вынікі кажуць пра тое, што прадстаўнікі прыродных папуляцый могуць быць больш адчувальнымі да экстрэмальных тэмператур” – сказала Dr. Ivett Pipoly, галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання, якая працуе ва University of Pannonia (Венгрыя). "Мы ўжо ведаем пра некаторыя змены асяроддзя, да якіх прадстаўнікі гарадзкіх папуляцый дзікіх жывёл адаптаваліся ці (паспяхова) адаптуюцца. Цікава, то яны напэўна могуць лепш адаптавацца і да кліматычных зменаў. І магчыма таму, што яны ўжо вымушаныя жыць у гарадах, дзе тэмпература паветра вышэйшая ў параўнанні з наваколлем”.
Крыніца: Ivett Pipoly et al. Extreme Hot Weather Has Stronger Impacts on Avian Reproduction in Forests Than in Cities, Front. Ecol. Evol., 23 March 2022 https://doi.org/10.3389/fevo.2022.825410
Паводле www.frontiersin.org і www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна
Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы
”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак
Гарадзкія шулякі-карагольчыкі больш паспяховыя
Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ