У марозныя ночы самцы сініц не змяншаюць тэмпературу цела – у адрозненне ад самак

Суворыя ўмовы навакольнага асяроддзя – напрыклад, халодныя зімы ў высокіх шыротах, правяраюць здольнасць арганізма знаходзіць адпаведныя энергетычныя рэсурсы для выжывання. Асабліва выпрабоўваюць птушак невялікіх памераў з пераважна дзённай актыўнасцю крытычныя зімы ў халодных рэгіёнах.

Маленькія птушкі вымушаны траціць шмат энергіі з-за хуткага метабалізма, адной з асноўных прычын якога з’яўляюцца вялікія цепластраты з-за параўнальна вялікіх адносін плошчы паверхні цела да яго аб’ёму. Страты энергіі становяцца крытычнымі асабліва ў марозныя і доўгія зімовыя ночы і птушкі вымушаныя змяншаць тэмпературу цела, каб дажыць да раніцы і знайсці ежу. Аднак, як аказалася як мінімум для вялікіх сініц (Parus major), самцы не робяць гэтага – у адрозненне ад самак.

Агульна гэтая з’ява называецца ‘гіпатэрмія’. У птушак яна звычайна ўзнікае ўначы і ў цяжкіх умовах жыцця тэмпература іх цела можа зніжацца са звычайных для большасці пеўчых птушак у актыўным стане 41,6°C да 30–38°C пад час гіпатэрміі. Начная гіпатэрмія была даказана для некалькіх відаў з сямейства Сініцавых, з нашых прадстаўнікоў сямейства, між іншым, для бурагаловай сініцы (Poecile montana). Для розных відаў сініц адзначана начное змяншэнне тэмпературы цела на 4–10°C і такім чынам выкарыстанне энергіі ўначы падае на 10–33%!

Зразумела, што агулам гэта вядзе да павелічэння выжывальнасці птушак зімой нават да 58%, а вось адмоўныя бакі такіх паводзін птушак не вельмі зразумелыя (акрамя немагчымасці нармальнага функцыянавання ў падобных умовах імуннай сістэмы)  і патрабуюць дадатковых даследаванняў.

Новае даследаванне з універсітэту Лунда (Швецыя) паказала не зусім чаканую ўзаемасувязь паміж выкарыстаннем вялікімі сініцамі дадатковага харчавання і начной гіпатэрміяй. Калі самкі сініц атрымлівалі дадатковую ежу зімой, яны не змяншалі на нач тэмпературу цела або змяншалі нязначна. Аднак найбольш навукоўцаў здзівіла тое, што для самцоў такой жа залежнасці знайсці не атрымалася – самцы не змяншалі тэмпературу цела ні калі мелі доступ да дадатковага харчавання, ні калі не мелі яго!

"Мы думаем, што гэтак адбывалася з-за таго, што самцы дамінуюць над самкамі і  ў любым выніку знаходзяць дастаткова ежы. Самкі ў сваю чаргу не маюць прыярытэтнага доступу да ежы і калі яна абмежаваная, не паспяваюць за кароткі дзень назапасіць дастаткова энергіі, каб не змяншаць тэмпературу цела ўначы” – сказаў Johan Nilsson, адзін з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання і арнітолаг з універсітэту Лунда.

Даследаванне праводзілі зімой у хвойным лесе Vombs Fure, недалёка ад горада Lund. У адной частцы лесу выкладвалі харчаванне на птушыных сталоўках, а ў другой доступу сініц да яго не было. Штоноч мералі тэмпературу цела птушак з кожнай часткі леса.


Крыніца: Johan F. Nilsson et al. Predictability of food supply modulates nocturnal hypothermia in a small passerine, Biology Letters (2020). DOI: 10.1098/rsbl.2020.0133

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца вялікай сініцы Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ

Белыя шчокі азначаюць здаровую сініцу

Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?

САМКІ НІЗКАГА РАНГУ ВЫБІРАЮЦЬ НІЗКАРАНГАВЫХ САМЦОЎ