Прынц Чарльз ачоліў рух супраць самага вядомага віда-інтрадуцэнта ў Вялікабрытаніі

Прынц Уэльса Чарльз афіцыйна распачаў праект, накіраваны на выратаванне знікаючага ў многіх месцах на Брытанскіх астравах абарыгеннага віду – звычайнай, або рудай вавёркі (Sciurus vulgaris). Пад час візіту ў Hutton-in-the-Forest у графстве Cumbria ён асабіста падтрымаў пяцігадовую схему выратавання і аховы вавёрак, якая мае афіцыйную назву Red Squirrels Northern England (RSNE).

Прынц сустрэўся з прыкладна 1500 валанцёрамі, якія ўдзельнічаюць у праектах па ахове еўрапейскай вавёркі на поўначы Англіі. Чарльз – афіцыйны патрон Трасту выжывання рудай вавёркі (Red Squirrel Survival Trust (RSST)), створанага ў 2009 годзе.
Паводле ацэнак Лясной камісіі (Forestry Commission), на Брытанскіх астравах каля 140 тысяч асобін еўрапейскай рудай вавёркі і каля 2,5 мільёна шэрай амерыканскай (S. carolinensis).
Інтрадукаваны яшчэ ў ХІХ стагоддзі інвазійны від – шэрая амерыканская вавёрка - мае ў два разы большую вагу і лепшую адпорнасць на супольныя з рудай вавёркай хваробы, таму практычна выцясніла апошнюю амаль з усёй Англіі і паспяхова працягвае пашыраць свой арэал далей на поўнач. Асабліва фатальным для еўрапейскага абарыгеннага віду стаў смяротны для яго вірус, які пераносяць амерыканскія вавёркі.
Паводле ацэнак навукоўцаў, калі не прыняць радыкальных захадаў цяпер, то рудая вавёрка можа знікнуць у Вялікабрытаніі ўжо праз 10 гадоў.
Новы праект-схема падтрымкі рудай вавёркі RSNE аб’яднае існуючыя праекты і ініцыятывы і дазволіць выкарыстаць на ахову віду дадатковыя £3.1 мільёна ў наступныя 5 гадоў. 


Прынц Чарльз пад час свайго выступу на сустрэчы сказаў: "Толькі працуючы разам мы можам атрымаць шанец захаваць гэты харызматычны від. Рудыя вавёркі цяпер вяртаюцца ў лясы і сады, дзе раней яны былі тэрарызаваныя шэрымі вавёркамі, і мы можам гэта святкаваць. Мая мара – каб рудыя вавёркі выжылі ў Злучаным каралеўстве. І, магчыма гэта адбудзецца менавіта дзякуючы такім людзям, як Вы з паўночнай Англіі.”
 

Шэрая вавёрка мае такі шырокі адмоўны ўплыў на брытанскую дзікую прыроду, што Міжнародны звяз аховы прыроды IUCN занёс яе ў Спіс 100 найгоршых інвазійных інтрадуцэнтаў у Свеце.


Больш пра віды-інтрадуцэнты ў Вялікабрытаніі можна даведацца на адмысловым сайце:
See the latest information at the GB non-native species secretariat website

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

 

На гэтую тэму:
Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

Мэта – вынішчыць качку-інтрадуцэнта

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай

У Швецыі трусоў-інтрадуцэнтаў выкарыстоўваюць як біяпаліва

У Польшчы будзе можна больш эфектыўна вынішчаць жывёл-інтрадуцэнтаў?