Гаацыны паходзяць з Афрыкі

Адна з самых старажытных птушак, якая жыве дагэтуль - гаацын (Opisthocomus hoazin), сістэматычнае становішча якой не зразумелае дагэтуль, адносіцца большасцю даследчыкаў да асобнага роду, сямейства і атраду ў класе Птушкі. Гаацыны кепска лятаюць, а іх птушаняты маюць кіпцюры на крылах. Від насяляе лясы басейну Арынока і Амазонкі ў Паўднёвай Амерыцы. Акрамя гэтага, гаацыны – поўныя вегетарыянцы, што вельмі незвычайна для птушак.

Ператраўліванне расліннай ежы адбываецца не толькі ў страўніку, але і ў валлі, якое мае вялікія памеры і шмат бактэрый, якія дапамагаюць птушцы ў гэтым. Валлё гаацына ў гэтым падобнае на складаны рубец капытных звяроў.
Пасля афіцыйнага апісання птушкі ў 1776 годзе, гаацынаў злучалі з рознымі групамі птушак: з курынымі, зязюлямі, турака ды іншымі.  Генатып гаацынаў толькі пачалі секвеніраваць і эвалюцыйнае дрэва іх застаецца таямніцай. Дагэтуль знаходзілі толькі невялікія фрагменты іх акамянелых парэшткаў у розных месцах Паўднёвай Амерыкі.
Цяпер каманда даследчыкаў з Германіі, Бразіліі, Францыі разам з Джэральдам Майрам (Gerald Mayr), не толькі знайшла самыя раннія парэшткі птушак гэтай групы, але і апісала іх па-за межамі Паўднёвай Амерыкі, што адбылося ўпершыню.
Верхняя частка крыла і косткі плечавога поясу ўзростам прыкладна 23 мільёны гадоў, знойдзеныя ў паўднёва-ўсходняй Бразіліі, з’яўляюцца самай ранняй знаходкай парэшткаў гэтага віду і сведчаць пра тое, што асаблівасці харчавання гаацынаў расліннай ежай з’явіліся вельмі рана.
Але больш цікава, што пры іх параўнанні з парэшткамі птушкі з Намібіі, якім каля 17 мільёнаў гадоў і якія раней адносілі да вымерлага віду Namibiavis senutae асобнага сямейства Жураўлепадобных цяпер перагледжаны дзякуючы асаблівасцям знойдзеных костак і аднесены да гаацынаў.


Калі дзве злучаныя паміж сабой групы жывёл знаходзяць на розных кантынентах, магчымыя 2 тлумачэнні гэтага факту. Першае – што такія кантыненты былі некалі злучаныя паміж сабой. І другое – што адбылося распаўсюджанне іх праз акіян. Афрыка і Паўднёвая Амерыка сапраўды былі адзіным вялізным кантынентам Гандвана, аднак разышліся нашмат раней, чым 20 мільёнаў гадоў таму. Таму для тлумачэння знойдзенага факту больш адпавядае гіпотэза, паводле якой продкі гаацынаў нейкім чынам перасеклі Атлантычны акіян.
Аднак як кепска лятаючая птушка магла перасячы акіян, шырынёй больш за 1000 км? Нават калі продкі гаацынаў былі лепшымі летунамі, гэта выглядае малаімаверна.
“Мы лічым, што птушкі перасеклі Атлантыку на нечым, падобным да прыроднага плата” – сказаў Джэральд Майр. – “ Гэта значыць, што гэта адбылося падобна да прыматаў, грызуноў ці яшчарак, аднак можа лічыцца першым доказам падобнага паспяховага падарожжа для птушак”.
 

Здымак з www.amazonialodge.com

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

 На гэтую тэму:
Знойдзена выкапнёвая птушка-баец

Птушкі Марока з пліяцэну

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Знойдзены парэшткі пелікана, якому 30 мільёнаў гадоў
 

Новыя віды выкапнёвых птушак
 На востраве хобітаў знойдзены парэшткі вялізарнага марабу