Як пінгвіны ведаюць, калі вынырваць?

Японскія навукоўцы з універсітэту Токіа правялі цікавыя даследаванні, якія праліваюць святло на тое, як імператарскія пінгвіны (Aptenodytes forsteri) ведаюць, калі ім трэба вынырваць пасля рыбалоўных пагружэнняў каб набраць паветра для новага.

Пад сачэння за птушкамі атрымалася, што яны махалі пад вадой крыламі, якія ў пінгвінаў замяняюць ласты, ў сярэднім 237 разоў пад час кожнага пагружэння. Д-р Казуэ Шыомі (Dr Kozue Shiomi) і яе каманда думаюць, што час пагружэння для пошуку ежы абмежаваны сілай мышцаў, якія, ў сваю чаргу для працы патрабуюць кісларод з крыві.
Каб атрымаць дадзеныя для 15 тысяч пагружэнняў, японскія навукоўцы назіралі за 10 пінгвінамі ў прыродных умовах і за трыма, якія падкормліваліся праз палонку ў лёдзе.
Працягласць пагружэння пінгвінаў у прыродных умовах была каля 5,7 хвіліны, тады як птушкі “з палонкі” вынырвалі праз яе праз больш працяглы час. Аднак галоўны для прыняцця рашэння аб вяртанні на паверхню не час знаходжання пад вадой, а высілкі мышцаў крылаў, якія і працуюць найбольш пад вадой пад час пагоні за рыбай.
Вынікі працы былі апублікаваныя ў часопісе Journal of Experimental Biology.

Імператарскія пінгвіны – самыя вялікія сучасныя прадстаўнікі атраду. У вышыню яны дасягаюць больш за 1 м, а важаць каля 40 кг.
Цікава, што менавіта гэты від “трымае” некаторыя рэкорды для цеплакроўных жывёлаў. Імператарскія пінгвіны могуць ныраць у пагоні за рыбай нават на глыбіню да 300 м (гэта вышыня стопавярховага будынку!).


На прыканцы 2007г. навукоўцы высветлілі адзін з механізмаў, якія дазваляюць імператарскім пінгвінам праводзіць пад вадой больш 20 хвілін, што з'яўляецца рэкордам сярод наземных цеплакроўных жывёл.
Даследнікі пры дапамозе адмысловых мікраскапічных датчыкаў у крывяносных сасудах гэтых птушак вызначалі ўзровень кіслароду ў крыві пінгвінаў падчас пагружэнняў. Даследаванне праводзілася ў Антарктыцы, у натуральных для пінгвінаў умовах. Гэтыя эксперыменты паказалі, што пры вяртанні з-пад вады пінгвіны маюць самую нізкую канцэнтрацыю кіслароду ў крыві з калі небудзь зарэгістраваных у жывёлаў. Пры гэтым узровень кіслароду ў лёгкіх, артэрыяльнай і вянознай крыві быў практычна аднолькавы. Пры такім узроўні кіслароду ў крыві любая іншая жывёла страціла б прытомнасць, а затым пачалося б незваротнае пашкоджанне тканак. У адрозненне ад іншых жывёл, якія могуць выкарыстаць не больш 70% кіслароду ў лёгкіх, пінгвіны выкарыстаюць яго амаль на 100%.
Навукоўцы мяркуюць, што дзіўная здольнасць імператарскіх пінгвінаў выкарыстоўваць увесь кісларод звязаная з наяўнасцю ў іх адмысловай формы міаглабіну - асноўнага бялку, які звязвае кісларод у тканках.


Паводле www.news.bbc.co.uk (тэксты і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:

Імператарскі пінгвін з Антарктыды апынуўся ў Новай Зеландыі