Высокія тэхналогіі дапамогуць захаваць птушак

Навукоўцы выкарыстоўваюць хай-тэк прылады, каб зразумець чаму колькасць тупікаў на адной з брытанскіх калоній загадкава зменшылася на траціну. Даследчыкі замацоўваюць на марскіх птушках, якія гняздуюць на астравах Фэйрн (Farne Islands), на ўзбярэжжы графства Northumberland (Вялікабрытанія) разнастайныя супер-сучасныя тэхнічныя прылады ў надзеі атрымаць дадзеныя аб самых важных момантах жыцця гэтых птушак.


Улікі, праведзеныя ў 2008г., паказалі значнае змяншэнне колькасці тупікоў: было адзначана 36.500 гняздуючых пар тупікоў у параўнанні з 55.674 пар, ўлічанымі ў 2003г.
Астравы Фэйрн лічацца сусветна важнымі для гнездавання марскіх птушак і менавіта тут жыве найвялікшая брытанская калонія тупікоў. 
 "Мясцовая папуляцыя павялічвалася штогод.” – сказаў Дэвід Ст’іл (David Steel), кіраўнік аховы на астравах з National Trust ,"і адбывалася гэта вялікімі тэмпамі. У 2003г. мы адзначылі пік колькасці ў 55.500 пар, і гэта было фантастычна. Ў 2008г. мы правялі нашыя ўлікі зноў і разлічвалі на выдатны для птушак гнездавы сезон з 70-80 тысячамі пар. Калі ж падвялі вынікі ўлікаў, у нас быў шок – за пяць мінулых гадоў недзе ў рэгіёне мы страцілі 33% гняздуючых тупікоў.”
Прычыны такога рэзкага змяншэння колькасці птушак застаюцца для навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый па ахове прыроды загадкай, і ставяць пад пытанне доўгатэрміновую будучыню віда ў Паўночным моры. 
"Цяпер птушкі адлятаюць з астравоў, дзе правялі некалькі вельмі добрых гнездавых сезонаў. Дарослыя птушкі вярталіся, іх гнездаванне было паспяховым, колькасць птушанят, якія выляцелі з гнёздаў была выдатнай. Аднак выглядае на тое, што многія птушкі не вярнуліся з зімоўкі, таму паўстае пытанне – што здарылася там?"

Рычард Біван (Richard Bevan), біолаг з універсітэту Ньюкасла (Newcastle University) ачольвае каманду, якая вешае на тупікоў перадатчыкі на востраве Браўнсмэн з групы Фэйрн. Ён тлумачыць, якія прылады і навошта замацоўваюцца імі на птушках.
"Многія даследчыкі выкарыстоўваюць спадарожнікавыя перадатчыкі, каб спадарожнікі атрымлівалі сігналы ад птушак, а потым дасылалі дадзеныя даследчыкам”. Аднак такія перадатчыкі пакуль не магчыма выкарыстоўваць для невялікіх птушак, бо паводле агульных рэкамендацый вага перадатчыка не можа быць большай за 4% ад вагі птушкі. Дарослы тупік важыць каля 400 г, такім чынам перадатчык не можа быць цяжэйшым за 16г.

"Мы вырашылі выкарыстаць GPS-перадатчыкі. Насамрэч гэта больш захоўваючыя, чым перадаючыя інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу прылады” – дадаў д-р Біван.
"Перадатчык будзе вызначаць месцазнаходжання птушкі кожную хвіліну на працягу 3-4 дзён, дзякуючы гэтаму мы зможам адсачыць некалькі вылятаў птушак на рыбалку."
Перадатчыкі будуць прымацоўвацца на птушак з дапамогай спецыяльнага клею. Яго склад з часам – звычайна праз 4 дні – будзе размягчацца і звальвацца з птушкі, пасля чаго яго трэба знайсці і спампаваць запісаныя ім дадзеныя.
"Калі мы будзем ведаць куды яны лятаюць, мы зможам пачаць даследаваць такія месцы, каб зразумець чаму птушкі выбіраюць менавіта іх”.
Перадатчыкі маюць датчыкі глыбіні, якія пакажуць як і калі птушкі ныраюць за рыбай. Такім чынам атрымаецца сабраць дакладную інфармацыю па месцах і паводзінах тупікоў пад час пошуку харчавання ў летнія месяцы.
Аднак даследчыкаў найбольш цікавіць дзе тупікі праводзяць зімовыя месяцы, бо менавіта гэты час уяўляецца крытычным для выжывання птушак.
Для гэтага каманда д-ра Бівана выкарыстоўвае іншыя хай-тэк прылады, якія нашмат меншыя за GPS-перадатчыкі і называюцца геолакатары. Іх прымацоўваюць да калец на нагах птушак.
"Пасля іх прымацавання птушка можа адляцець і жыць сваім нармальным жыццём, але так доўга, як яна будзе вяртацца ў некаторыя /абраныя намі для счытвання з геолакатараў/ месцы, мы зможам атрымліваць інфармацыю аб тым, дзе яна была.”
Геолакатары адзначаюць узровень асвятлення, такім чынам штодзень запісваючы калі наступіла ноч і дзень.  З гэтымі дадзенымі навукоўцы вылічваюць працягласць светлавога дня і час, калі наступае поўдзень. А ўжо па гэтых паказчыках вылічваюць геаграфічныя каардынаты месцазнаходжання птушак. Атрыманыя такім чынам дадзеныя вельмі важныя, таму што мы вельмі мала ведаем пра тупікоў у зімовы час”.
Мы напэўна ведаем, што пасля гнездавання яны адлятаюць з Паўночнага мора, але куды? Як шмат часу яны застаюцца на месцах зімоўкі, дзе тыя месцы знаходзяцца?
"Што адбываецца з птушкамі ўзімку – вельмі важна. Калі ў гэты час адбываецца нешта, што можа сур’ёзна паўздзейнічаць на выжыванне дарослых, гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы для выжывання іх як віду.”
І хаця тупікі жывуць нават да 30 год, птушкі пачынаюць гнездаваць звычайна ва ўзросце не меншым за 5 гадоў, а самкі адкладваюць за сезон толькі адно яйка. Таму высокая смяротнасць сярод дарослыхптушак можа вельмі хутка дэстабілізіраваць папуляцыю.
Непакоіць і тое, што рэзкае змяншэнне колькасці тупікоў адзначана не толькі на астравах Фэйрн. Падобнае змяншэнне гняздуючай папуляцыі на 30% адзначана і на самай вялікай асобнай калоніі віда ў Вялікабрытаніі на востраве Мэй (Isle of May, група астравоў Firth of Forth) і ў той самы перыяд часу.
Даследчыкі, ачольваемыя праф. Майкам Харрысам (Mike Harris) з Цэнтру экалогіі і гідралогіі, таксама адзначылі, што многія марскія птушкі вяртаюцца на месцы гнездавання пазней звычайнага і маюць параўнальна малую вагу.
"Мінулы год быў кепскім для птушак," – адзначыў д-р Біван. "Мы адзначылі шмат дзіўнага. Перад пачаткам гнездавога сезону на працягу амаль цэлага месяца дзьмуў моцны ўсходні вецер, чаго дагэтуль ніколі не адзначалася.”
Гэта магло мець уплыў на тэмпературу мора, што пацягнула за сабой рост планктону, а потым, у сваю чаргу, адбілася на росце і развіцці рыбы.”
Такім чынам, зніжэнне колькасці птушак на гнездаванні можа быць проста выключнымі ўмовамі мінулага году. Аднак можа быць і індыкатарам таго, што тупікі апынуліся ў сур’ёзным становішчы з-за прычыны, якая пакуль не вядомая.
Д-р Біван з калегамі плануюць апублікаваць першыя вынікі новага даследавання ўжо ўвосень.
Фільмік (3:25 хвіліны) пра тое, як вешаюць на тупікоў прылады тут: http://news.bbc.co.uk/2/hi/science/nature/8126331.stm

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by