Доследы з выкарыстаннем мініятурнай “бягучай дарожкі” паказалі, як птушкі тундры выдатна адаптаваныя да экстрэмальных умоваў тамтэйшага жыцця. Тундравая пардва (Lagopus mutus), якая круглы год жыве ў Арктыцы, нагульвае неабходную колькасць тлушчу як раз тады, як ён спатрэбіцца ўзімку.
Птушкі могуць павялічваць сваю вагу амаль удвая. Гэтыя вынікі былі прадстаўленыя на штогадовай канферэнцыі Таварыства эксперыментальнай біялогіі (Society for Experimental Biology) ў Зальцбургу (Аўстрыя).
Адмыслова зробленая для птушак бегавая дарожка дазволіла даследчыкам сачыць за пардвамі пад час іх бегу і мераць колькасць кіслароду, якую яны выкарыстоўваюць.
Кіраўнік доследаў Джон Лііз (John Lees) з універсітэту Манчэсцера растлумачыў, што найперш іх цікавіў энергетычны кошт рухаў, таму што для выжывання ў Арктыцы гэта фундаментальная рэч. Галоўнай задачай было зразумець – што будуць рабіць птушкі, калі тэмпература іх асяроддзя з-за глабальнага пацяплення павялічыцца.
Навукоўцы працавалі над сваім арктычным праектам у Svalbard (на крайняй поўначы Нарвегіі). З дапамогай нарвежскіх калег ім атрымалася зрабіць невялікую гімнастычную залу для тундравых пардваў, у якой яны падтрымлівалі тэмпературу ў + 6C – каб птушкі адчувалі сябе камфортна.
"Яны прыроджаныя атлеты. – сказаў сп-р Лііз. – як толькі мы выпускалі іх на самарухомую бегавую дарожку, яны пачыналі бегчы па ёй”. Дзякуючы замерам колькасці кіслароду і вуглекіслага газу ў тым паветры, якім дыхалі і выдыхалі птушкі, можна было дакладна памераць колькасць энергіі пардваў, патрачаную на бег.
Атрыманыя вынікі вельмі здзівілі даследчыкаў – узімку (калі маса пардваў значна большая) на бег птушкі трацілі столькі ж энергіі, як і летам.
Гэта ўсё роўна, што затрачваць на рух столькі ж энергіі з заплечнікам, які важыць да траціны ўласнай масы, як і без яго. Аднак птушкі беглі са сваім тлушчом таксама, як бы яго зусім не было.
Назапашаны пардвамі тлушч не толькі выкарыстоўваецца імі як крыніца энергіі ў выпадку неабходнасці, але таксама як дадатковае цеплаізаліруючае покрыва, якое дапамагае птушкам вытрымліваць зімовыя тэмпературы нават да – 40 C.
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.animalplace.net
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ