Гусі здольныя аблятаць ветраныя электрастанцыі

Караткадзюбыя гуменніцы (Anser brachyrynchus) стараюцца пазбягаць новых ветраных электрастанцый, пабудаваных каля ўзбярэжжа, пад час вяртання ў Вялікабрытанію.

Дзякуючы маніторынгу пералётаў птушак на працягу больш чатырох гадоў, даследчыкі змаглі адзначыць змены ў характары пралёту птушак каля двух новых “ветраковых фермаў”.


Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Journal of Applied Ecology паказалі, што як мінімум гэты від гусей успрымае ветракі як пагрозу і змяняе маршрут палёту адпаведным чынам.


Павел Плонцкер (Pawel Plonczkier) і Ян Сіммс (Ian Simms) з Агенства па даследаваннях харчавання і навакольнага асяроддзя (Food and Environment Research Agency (Fera)) маніторылі групы мігрыруючых кароткадзюбых гуменніц (Anser brachyrynchus) з дапамогай радару, пад час вяртання гусей на ўзбярэжжы Lincolnshire.


Хаця гусі вядомыя тым, што яны здольныя вызначыць патэнцыйна небяспечныя структуры ў адкрытым асяроддзі, аднак да якіх межаў гэта адбываецца дагэтуль не было вядома. З-за таго, што гусі маюць абмежаваныя магчымасці манеўру пад час палёту і часта мігруюць уначы, іх сутыкненні з элементамі ветраных турбін маглі б стаць фатальнымі.


Каманда навукоўцаў пачала маніторынг пралётных шляхоў гусей на пачатку будаўніцтва двух прыбярэжных ветраных фермаў каля Skegness яшчэ ў 2007 годзе. Ў гэтым часе існавалі толькі фундаменты турбін, а самая высокая канструкцыя – аснаванне турбіны – мела 30 м вышыню.

 
У 2010 годзе будаўніцтва было скончанае і ветракі пачалі даваць электрычнасць. За гэты час навукоўцы адсачылі пралёт больш 40 тысяч птушак.


Хаця колькасць зімуючых у Вялікабрытаніі гусей агулам зменшылася з-за зменаў надвор’я, яны ўсё часцей ляцелі на зімоўку змененым курсам. Доля птушак, якія абляталі фермы ветракоў павялічылася з 52% на пачатку назіранняў да 81% у 2010 годзе. З тых, што ляцяць “праз” ветракі, 90% таксама адаптуюць свой палёт такім чынам, каб агібаць небяспечныя ветракі зверху.


Так як колькасць кароткадзюбых гуменніц і ветракоў, пабудаваных уздоўж узбярэжжаў павялічваецца, аўтары даследавання аптымістычна пішуць, што як мінімум некаторыя віды птушак змогуць адаптавацца да развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі ў Вялікабрытаніі.


Аднак д-р Люсі Райт (Dr Lucy Wright) з Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology), якая не ўдзельнічала ў даследаванні, падкрэслівае, што яно мела вялікія абмежаванні каб мець сапраўды аптымістычныя высновы. Найперш з-за таго, што было прысвечана толькі аднаму віду і праводзілася толькі на двух суседніх ветраковых фермах. Што адбываецца з іншымі відамі птушак і ў іншых месцах збольшага застаецца невядомым. Таму далейшыя падобныя даследаванні вельмі неабходныя.


Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак гусей Дзьмітрыя Вінчэўскага

Comments