“Начныя жыхары ляСОЎ”: асабісты рэпартаж, падрыхтаваны для ўсіх

15.11.2012 - 01:36 | Raven

Даведаўшыся пра "Начных жыхароў ляСОЎ", не тое каб адразу і рашуча, але ўсё ж сабраліся мы з сяброўкай Кацярынай у Залессе.

Калі ехалі, чакалі, што там будуць такія ж дылетанты, як і мы, але яшчэ ў машыне, калі спыняліся ля кожнай птушкі, стала зразумела, што нешта мы наблыталі. Так і атрымалася, што нам пашчасціла правесці некалькі дзён разам з арнітолагамі і совамі амаль "у самым сэрцы" Белавежскай Пушчы. Пасля таго, як размясціліся, паелі грэчкі і ўсё астатняе з тушанінай, пад размовы пра вегетарыянства ўсе разам пайшлі рабіць скрыні для кугакаўкі, вераб'інага сыча і, канешне ж, соняў.

Дзяўчынам было дазволена забіваць цвікі, нават часам і трапляць па пальцам, пілаваць кітайскія і нашы родныя дошкі.

Нават у адну галаву прыйшла ідэя спаборніцтва па забіванню цвікоў сярод дзяўчын, але на гэта не хапіла часу, таму спадзяемся на наступны раз:)

На ўсе штучныя гняздоўі былі спецыяльныя праекты, распрацаваныя для кожнага віду. Не ва ўсіх атрымлівалася ідэальна, і я ўжо бачыла, як кугакаўка іранічна падымае бровы на сяк-так зробленые скрыні. Але напрактыкаваныя спецыялісты рашуча выпраўлялі ўсе памылкі, і скрыні ў рэшце рэшт атрымаліся добрыя.

Ўвечары, калі сцямнела, ўсе пайшлі ў лес з магнітафонам. Шчыра кажучы, ня вельмі было зразумела спалучэнне магнітафона і прыроды, але праз нейкі час, калі ўсе спыніліся і замаўчалі, то ўсё стала зразумела.

Андрэй Абрамчук пачаў падбіраць кампазіцыі, якімі з'яўляліся галасы птушак, пачынаючы з самых маленькіх, накшталт вераб'інага сыча і да больш сур'езных драпежнікаў. Пасля кожнай кампазіцыі мы чакалі, ці не адгукнецца хто, спужаўшыся, што нейкая іншая птушка (а насамрэч мы з магнітафонам) вырашыла заняць тут тэрыторыю. Нарэшце, калі ўжо зусім не чакалі і праслухалі кампазіцыю з бурчання страўнікаў усіх удзельнікаў экспедыцыі, зусім блізка пачулі птушак. Хутка стала зразумела, што прыляцела адразу пара разхваляваных шэрых кугакавак.

Праз нейкі час адна з іх праляцела над нашымі галовамі. Гучыць гэта так, быцам над намі проста праляцела нейкая там шэрая кугакаўка, але гэта толькі так гучыць. Магу сказаць з упэўненасцю, што для мяне гэта была даволі незвычайная карціна: людзі ў лесе з магнітафонам, напоўненым гукамі птушак, ідуць у насцярожваючай цішыні, спыняюцца кожныя 500 метраў і прыслухоўваюцца да гукаў. 

На наступны дзень прыйшоў час развешваць нашы цудоўныя скрыні ды платформы. Падзяліліся на дзве каманды. Першая, людзі з балотнымі ботамі і моцным духам, якія пайшлі ў сапраўднае балота, і не ўсе выйшлі сухімі з яго, і другая: больш простыя людзі з кароткімі ботамі. Ну і тыя, хто ўсё ж згадзіўся іх правесці. Не цяжка здагадацца, ў якой камандзе была я. 

Яшчэ, канешне, была каманда, якая гатавала ежу, але яна ня вельмі ўвайшла ў гэтую гісторыю, таму проста дзякуй ім за смачную вячэру.

У нас было тры платформы для барадатай кугакаўкіі. З намі была валанцёрка з Францыі, якой не пашчасціла і прыйшлося ісці ў кедах, і час ад часу, калі трэба было дайсці да неабходнага дрэва па вадзе, яе пераносілі на спіне. Як толькі знаходзілі дрэва, то адразу ж пасля нядоўгай падрыхтоўкі можна было бачыць чалавека, які неяк неверагодна скача па хвоі амаль без галін. Пасля правядзення нейкіх маніпуляцый на дрэве, у якія ўваходзілі: пад'ём платформы я дадам, што калі нехта думае, што яе лёгка падняць, то магу заўпэўніць, што зрабіць гэта ў мяне так і не атрымалася), прыкручванне яе да дрэва, пад'ём торбы з лісцем і галінкамі (вось у збіранні ў гэту торбу мне было дазволена паўдзельнічаць), засыпанне ўсяго гэтага ў скрыню.

Дзяніс Кіцель (той, хто “лётаў” па дрэве), калі ў яго было жаданне, высіжваў месца для птушкі. Бо паводле аднаго з мясцовых серэднявечных мітаў, калі Дзяніс апошні раз пасядзеў у гняздзе, там вельмі хутка з'явіліся совы і вывялі там ажно 5(!) птушанят.

Нашы дзеянні выглядалі як нейкі арнітолагаўскі рытуал.

Некалькі гадзін мы хадзілі па лесе, каб павесіць гэтыя скрыні, якія ўзвальваліся то на ровар, то на спіны, і я ўпэўнена, што абышлі не амаль, а ўсю Белавежскую пушчу, і, нарэшце, мы ўсё ж вярнуліся ў наш лагер-летнік, у якім працягваліся ўсялякія мерапрыемствы, такія як прагляд фільмаў пра птушак на не ўсім вядомай польскай мове, пляценне кошыкаў і проста адпачынак.

Не буду казаць, што, насамрэч, гэты тэкст ні на кроплю не адлюстроўвае маё ўражанне, якое выклікалі гэтыя птушкі і людзі. Таксама не скажу, як нам было прыемна правесці час з вамі, паспяваць песні на розны густ, пачынаючы "Адэкалонам “Шыпр" Сашы і Сярожы і скончваючы Іггі Попам, паслухаць неверагодныя гісторыі і спевы бабы Мані, быць "он дзьюці" і прыгатаваць грэчку амаль без вады, скінуць выпадкова апошнюю надзею на гігіену-рукамыйнік, у ранішніх практыкаваннях лазіць па дрэвах і скакаць на кані, нават было прыемна быць "гарадской фіфай", як сказаў Юрый, для бабуль.

Вялікі дзякуй усім і чакаем наступных летнікаў зімой.

Ірына Цымановіч для www.birdwatch.by Фота Кацярыны Ганіевай

 

Comments

 Вельмі цікава было прачытаць, як нашыя летнікі і сустрэчы выглядаюць "збоку".

А наконт францужанкі, якой "не пашанцавала", думаю, што як раз наадварот. Яе "непадрыхтаванасць" дазволіла ёй на перанос на спінах. Чамусьці ўпэўнены, што гэта былі спіны нашых маладых хлопцаў-прыгажуноў:)

biot1 (госць) - 15.11.2012 - 09:34

In reply to by Harrier

Добра напісана! Дзякуй, Ірына! Дарэчы, ад арганізатараў: гэты летнік быў адзін з самых удалых за апошнія гады. Мы зрабілі шмат работы: вывесілі платформы амаль на ўсіх тэрыторыях барадатых кугакавак, пераправерылі ўсе домікі для соў, разам з тэлевізіоншчыкамі адснялі вялікі матэрыял па нашай дзейнасці. Валанцерка Гвэн пазычыла свае боты аднаму з удзельнікаў паходу на балота, таму і засталася у кедах. Таму перанос яе на спінах трэба разглядаце як падзяка за гэты жэст добрай волі.