Чырвоны – колер для птушак

 Некаторыя аўстралійскія расліны “перайшлі” з апылення насякомымі на апыленне птушкамі, для гэтага іх кветкі сталі чырвонага колеру - каб прыцягнуць увагу апошніх. 

Аўстралійскія навукоўцы з Monash University і RMIT (Royal Melbourne Institute of Technology) University змаглі паказаць, што тыя віды з мясцовых раслін, якія апыляюцца выключна птушкамі, выпрацавалі спецыяльныя каляровыя спектральныя “подпісы”, якія найлепш успрымаюцца птушкамі. 

Адзін з аўтараў артыкулу д-р Эдрыан Дыер (Dr Adrian Dyer) сказаў, што раней было даказана – колер у кветак узнік, каб прыцягнуць пчолаў як апыляльнікаў: “Мы ведаем, што некаторыя кветкі маюць спектральныя подпісы, каб адпавядаць пчолам-апыляльнікам, аднак што адбывалася з раслінамі, якія апыляюць птушкі, не было зразумела”.  

Мэні Шрэсфа (Mani Shrestha), аспірант са школы біялагічных навук Monash, сабраў спектральныя дадзеныя з больш чым 200 відаў кветкавых раслін і вызначаў іх як тыя, якія апыляюць або насякомыя, або птушкі. Пасля гэтага, яго калега праф. Мэрцін Бард (Professor Martin Burd), зрабіў філагенетычны аналіз каб вызначыць – як кветкі стварылі свой “спектральны подпіс”. "Мы знайшлі, што расліны, якія апыляюцца выключна птушкамі, спачатку мелі кветкі, якія адпавядалі зроку насякомых. Аднак потым іх спектральны подпіс змяніўся на колеры з больш доўгімі хвалямі святла.” 

Даследаванне паказала, што расліны, якія апыляюцца птушкамі, маюць не проста чырвоныя кветкі, аднак такія адценні чырвонага, якія найлепш бачныя птушкам, якія маюць тэтрахраматычны тып зроку. “Чырвоны колер такіх кветак выпрацоўваўся такім чынам, каб быць незаўважным для насякомых  - якія з’яўляюцца для іх слабымі апыляльнікамі, аднак прыцягваў увагу адпаведных птушак” – растлумачыў сп-р Шрэсфа. 

Асаблівасці афарбоўкі аўстралійскіх кветак лёгка прыцягваюць увагу медаедаў (сямейства Meliphagidae) – найбольш важнай групы нектараедных птушак Аўстраліі. Калібры, якія займаюць падобную экалагічную нішу ў Амерыцы, маюць такую ж зрокавую сістэму і варта чакаць, што амерыканскія кветкі выпрацавалі для іх прыцягнення падобную ж сістэму візуальных сігналаў.  

“Птушкі, якія апыляюць расліны ў Азіі і Афрыцы, маюць іншую зрокавую сістэму. Таму трэба чакаць, што тамтэйшыя расліны адаптаваліся да іх прыцягнення іншымі колерамі кветак. Калі гэтая гіпотэза пацвердзіцца, мы зможам паказаць універсальнасць каляровай тэорыі для ўзаемаадносін раслін і птушак, якія іх апыляюць” – сказаў праф. Бард. 

Крыніца: Shrestha, M, Dyer, A G, Boyd-Gerny, S, Wong, B B M, and Burd, M. 2013. Shades of red: bird-pollinated flowers target the specific colour discrimination abilities of avian vision. New Phytologist 198: DOI: 10.1111/nph.12135.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак з www.futurity.org