Джаз берасцянак

 Пад час каланізацыі берасцянкамі (Fringilla сoelebs) архіпелагаў у Атлантычным акіяне на працягу больш за 500 тысяч гадоў іх песні страцілі сінтаксічную структуру – гэта паказала новае даследаванне. Самцы на самым аддаленым ад кантыненту востраве – Гран Канарыя (Gran Canaria) на Канарскіх астравах спяваюць тыя ж ноты, аднак характар іх спеваў розніцца ў кожнай птушкі – параўноўваючы з музыкай людзей, берасцянкі імправізуюць як джазмены. 

"Самцы берасцянак з кантынентальнай Еўропы заўсёды спяваюць таксама па ўсім кантыненце” – сказаў Робэрт Лахлан (Robert F Lachlan), які на працягу 15 год вывучаў структуру іх песен пад час дактарантуры ва ўніверсітэце Д’юк (Duke University, ЗША). "Аднак на востраве Гран Канарыя чалавеку нашмат цяжэй іх вызначыць толькі па песне”. 

Лахлан запісаў песні 723 самцоў з 12 асобных папуляцый з розных месцаў кантынентальнай Еўропы, Азорскіх і Канарскіх астравоў, а потым параўнаў іх структуру дзякуючы кампутару. Кавалкі песняў, або сылабы, мала адрозніваліся паміж птушкамі з розных месцаў, аднак парадак іх выканання (сінтаксіс) быў тым цяжэйшы для прадказання, чым далей берасцянкі трапілі пад час каланізацыі новых тэрыторый. 

Сінтаксічная структура песен на самым аддаленым востраве не толькі значна змянілася, яна папросту знікла. 

Адным з фактараў такіх зменаў Лахлан лічыць тое, што птушкі на астравах маюць менш відаў-канкурэнтаў. Тады як у кантынентальнай Еўропе самка берасцянкі павінна чуць і правільна выбраць самца сярод прыкладна 60 іншых адначасова спяваючых відаў птушак, на Азорскіх астравах такіх відаў толькі 8. 

Аднак атрыманыя даследчыкам дадзеныя толькі часткова пацверджваюць гэта. На Канарскіх астравах амаль у два разы больш відаў спяваючых вераб’іных, але на іх песня берасцянак яшчэ менш структураваная, чым на Азорах.  

Многія папярэднія даследаванні паказалі, што маладыя птушкі вучацца відаспецыфічнай песне ад старэйшых прадстаўнікоў віду. Аднак калі культурная перадача ёсць адзіным спосабам фармавання сінтаксічнай структуры песні, то варта было б спадзявацца, што на маленькім востраве яна будзе значна больш аднароднай у параўнанні з вялікім кантынентам, а не наадварот.  

Насамрэч існуе значны генетычны кампанент для падобнага навучання. Сотні генаў былі ўжо вызначаныя як адказваючыя за сувязь навучання і спеваў. Таму існуе генетычная перадраспаложанасць, якая дапамагае маладым птушкам распазнаць якую песню яны павінны вывучыць каб потым яе спяваць як відаспецыфічную. "Выглядае, што мы назіраем вынік эвалюцыі гэтых генаў”. 

Таму вельмі магчымым можа быць механізм т.зв. “культурнай лавушкі” – ў невялікай папуляцыі, якія ўтвараюцца на астравах адразу пасля іх каланізацыі, натуральны адбор будзе падтрымліваць тых асобін, якія распазнаюць і вучацца больш шырокаму спектру сінтаксічных кавалкаў песен. 

Яшяэ адно вытлумачэнне – т.зв. “выснова навучання”. Калі новая невялікая папуляцыя толькі ўсталёўваецца на новым востраве, маладыя птушкі могуць выбраць сабе некалькі мадэляў да пераймання. Для гэтага ім трэба імправізаваць. Такія паводзіны замацоўваюць новыя характары спеваў і яны пачынаюць часцей, чым звычайна, сустракацца і адбор пачынае падтрымліваць хуткія змены ў структуры спеваў. 

Атрыманыя вынікі могуць дапамагчы зразумець механізмы эвалюцыі птушак у навучанні спевам. 

Крыніца:

Lachlan R. F., Verzijden M. N., Bernard C. S., Jonker P-P., Koese B., Jaarsma S., Spoor W., Slater P. J. B., & ten Cate C. (2013) The Progressive Loss of Syntactical Structure in Bird Song along an Island Colonization Chain. Current Biology, DOI: 10.1016/j.cub.2013.07.057

 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

 

Здымак самца блакітнай канарскай берасцянкі (Fringilla teydea) Дзяніса Кіцеля

 

На гэтую тэму:

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

ЛЕПШ НЕ ВЫЛУЧАЦЦА

НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ

ЗДОЛЬНАСЦІ ПАПУГАЯЎ ДА ІМІТАЦЫІ ДАПАМАГАЮЦЬ ІМ УСТАЛЁЎВАЦЬ ІНДЫВІДУАЛЬНЫ КАНТАКТ